Віцебскага журналіста аштрафавалі за сюжэт на “Белсаце”
Суд Віцебскага раёну прызнаў Віталя Скрыля вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Яго пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічынь ( 637, 5 беларускіх рублёў) за відэасюжэт “Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно”, паказаны на тэлеканале “Белсат”.
Віталь Скрыль кажа, што не здзівіўся штрафу, бо па гэтым артыкуле яго ўжо каралі летась за відэасюжэт пра беспрацоўе ў Оршы. Журналіста дзівіць іншае: амаль два месяцы Сенненская міліцыя высвятляла, якому замежнаму тэлеканалу скардзіліся на скарачэнні работнікі сырзаводу, але ніхто з мясцовых уладаў не спрабуе дапамагчы ім у развязанні праблемы.
– Сумленна кажучы, іншага выніку я не чакаў. Усё было бачна па зборы матэрыялаў, па тым, як яны патрапілі ў суд, як мяне выклікалі. Адхіляліся ўсе мае хадайніцтвы. Але самае цікавае, што ў людзей праблемы, а мы разбіраліся тут, хто што вырабіў, і законна гэта было ці незаконна! Шукаюць, хто зняў гэты сюжэт, але ніхто не спрабуе дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад усяго гэтага!
Журналіст адзначае, што судовы працэс, які вёў суддзя Міхаіл Зубеня, праходзіў са шматлікімі парушэннямі. Прыкладам, не было дазволена ягонае хадайніцтва наконт прысутнасці перакладчыка з рускай на беларускую мовы, не быў выкліканы на працэс супрацоўнік Сенненскага РАУС Павел Жудро, які рыхтаваў матэрыялы адміністрацыйнай справы.
Урэшце, на судзе высветлілася, што міліцыянты распачалі справу, грунтуючыся выключна на сваіх падазрэннях: яшчэ не быў дасланы запыт у Міністэрства замежных справаў, а ў Сенненскім райаддзеле ўжо вырашылі, што Віталь Скрыль працуе без акрэдытацыі на замежны СМІ.
Хлопец кажа, што будзе абскарджваць пастанову ў Віцебскім абласным судзе. І адзначае адзіны, але вельмі значны станоўчы момант у гэтым судовым разбіральніцтве: журналіст перакананы, што інфармацыя пра суд над ім яшчэ раз прыцягне ўвагу да беспрацоўя ў райцэнтры Сянно. І, верагодна, праблему ўсё ж пачнуць вырашаць.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя