Віцебскага журналіста судзяць за матэрыял, які перамог у конкурсе “Грамадская стужка 2.0”



Фрылансера Віталя Скрыля вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ за матэрыял “Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно”, паказаны 26 студзеня гэтага года на тэлеканале “Белсат”. Справу разбірае суд Віцебскага раёна, працэс вядзе суддзя Міхаіл Зубеня.

У сюжэце апавядаецца пра тое, што пад пагрозай скарачэння апынуліся 120 працаўнікоў сенненскага сырзавода: прадпрыемству бракуе сыравіны, людзям няма працы.

Падчас суду Віталь Скрыль хадайнічаў, каб яму далі час знайсці адваката, бо толькі ўчора ён пазнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы. Суддзя Міхаіл Зубеня ў гэтам адмовіў. Не падтрымаў ён і хадайніцтва пра тое, каб запрасіць на суд перакладчыка. Віталь Скрыль прынцыпова беларускамоўны чалавек, і яму патрабуецца дапамога ў тлумачэнні юрыдычных тэрмінаў, якія ў судзе выкладаюцца па-руску. Аднак суддзя заявіў, што кожны грамадзянін Беларусі абавязаны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, хаця гэтае патрабаванне тычыцца толькі службовых асобаў.

Сыходзячы з таго, як судовы працэс пачаўся, Віталь Скрыль не мае спадзеваў на станоўчы вынік:

– Такія справы, калі яны даходзяць да суду, то ідуць па канвееры. Таму што ніхто не глядзіць на твае канстытуцыйныя правы, галоўнае – сабраць матэрыял, збудаваць нейкі ўмоўна лагічны ланцужок і выставіць яго за праўду. Таму ніякага станоўчага выніку для сябе я не чакаю, але я бачу для сябе ва ўсёй гэтай справе цікавы прэцэдэнт і новы досвед.

Да слова, матэрыял, за які Віталя Скрыля цяпер судзяць, быў прызнаны адным з найлепшых у конкурсе “Грамадская стужка 2.0”, прысвечанага праявам грамадскага актывізму жыхароў Віцебшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск