Віцебскаму прытулку для беспрытульных жывёлаў – 8 год



Установа адзначыла свой чарговы дзень народзінаў пад кіраўніцтвам новай дырэктаркі.

Кіруе прытулкам даўняя валанцёрка Алла Прасолава, якая пакінула ранейшую, больш грашовую працу, каб займацца тым, чаго прасіла яе душа – клопатам пра беспрытульных жывёлаў. Віцебскі прытулак падпарадкаваны прадпрыемству “Спецаўтабаза”, і гэта адзіная ў Беларусі ўстанова такога кшталту, кажа дырэктарка:

– Прытулак наш адзіны ў Беларусі, дзе не ўсыпляюць жывёлаў. Некаторыя жывуць у нас з першага дня, ужо 8 гадоў, у і гэта іх родны дом. Зараз у прытулку каля 400 жывёлаў, гэта 240 дарослых сабак, каля 50-ці шчанят рознага ўзросту, коткі і кацяняты.

Яшчэ адна асаблівасць віцебскага прытулку – гэта наяўнасць шарокай падтрымкі грамадскасці. “Спецаўтабаза” хоць і дзяржаўнае прадпрыемства, але сродкаў на ўтрыманне прытулку востра не хапае, працягвае Алла Прасолава:

– Гарадскія ўлады нам толькі выплачваюць нам заробкі. Усё астатняе – гэта ахвяраванні людзей і прадпрыемстваў. З прадпрыемстваў хочацца адзначыць канструктарскае бюро “Дысплей”, гэта даўнія нашы сябры і партнеры. А самае галоўнае – гэта дапамога людзей, у тым ліку дапамога ў прыборках, у выгуле, дапамога ежай, рэчамі і нейкая матэрыяльная дапамога.

Восьмы дзень народзінаў у прытулку адзначаўся святочна: з канцэртам, гульнямі, конкурсамі. Гасцей сабралася каля 600 чалавек, і амаль усе яны прыйшлі з падарункамі – ежай для гадаванцаў або рэчамі для іх. Быў наладжаны і выяздны гандаль прадуктамі для жывёлаў. А самае прыемнае – што трое кацянятаў знайшлі на гэтым свяце сваіх новых гаспадароў і сапраўдны дом, а не прытулак.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск