Віцебская дыяцэзія ў 2019 годзе будзе адзначаць 20-годдзе



У Віцебскай дыяцэзіі паболела католікаў, і ў хуткім часе парафій стане ўжо 95. У Глыбоцкім раёне ў аграгарадку Азярцы будзе зарэгістраваная яшчэ адна парафія – Пятра і Паўла.

Сёлета Касцёл нават зрабіў мапу Віцебскай дыяцэзіі з пазначанымі на ёй касцёламі і межамі парафій. Пра гэта распавёў журналістам віцебскі біскуп Алег Буткевіч падчас перадкаляднай прэс-канферэнцыі ў  катэдры. Ён звярнуў увагу і на тое, што наступны год будзе значным для дыяцэзіі.

– У 2019 годзе наша Віцебская дыяцэзія будзе адзначаць 20 год свайго існавання. Сталася гэта 13 кастрычніка 1999 года, калі, сёння ўжо Святы, папа Ян Павел Другі абвесціў утварэнне Віцебскай дыяцэзыі, якая перад гэтым была часткай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. І таксама ў наступным годзе будзем адзначаць 10-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі біскуп Алег Буткевіч павіншаваў усіх прысутных з надыходзячымі святамі. Потым традыцыйна ўсе дзяліліся аплаткам і выказвалі найлепшыя пажаданні адно аднаму.

У Віцебскай дыяцэзіі налічваецца каля 170 тысяч каталіцкіх вернікаў і 88 святароў.

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі