Віцебская міліцыя па вечарах наведваецца да актывістаў з “прафілактычнымі гутаркамі”



Пад увагу міліцыянтаў найперш трапляюць тыя, каго каралі “суткамі” і арыштамі за ўдзел у мірных пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Жыхар абласнога цэнтру Мікола Качурэц вырашыў не пускаць супрацоўніка міліцыі ў хату, калі а 9-й вечара той прыйшоў “паразмаўляць”:

– Вечарам, недзе ў 9, нехта грукае мне ў дзверы. Пытаюся: “Хто там?” Адказвае: “Участковы”. Кажу: “А ў якім ты статусе, што да мяне прыйшоў?” Гаворыць: “Ну, я ж участковы, прадстаўнік улады. Прыйшоў паразмаўляць”. Калі проста паразмаўляць, кажу яму, то парамаўляць з табой я магу як з прыватнай асобай, на лаўцы або ў кавярні.

Мікола Качурэц прыгадвае, што і раней яго выклікалі ў міліцыю, каб зачытаць пералік артыкулаў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях. Ніякіх папер пра тое, што “прафілактычную гутарку праслухаў”, ён прынцыпова не падпісвае.

Віцебскі грамадскі актывіст Максім Жукаў таксама стаў аб’ектам увагі міліцыянтаў, і таксама не ўпершыню:

– Прыходзяць вечарам, гадзін у 8. Спыталі, хто я, і ці быў пакараны па артыкуле 23.34. Прапанавалі падпісаць папярэджанне пра адказнасць за правапарушэнні. І гэта ж не першы раз ужо! У пракуратуру мяне таксама выклікалі, і зачытвалі цэлы спіс – пералік артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць.

Міліцыянты не тлумачаць, чаго раптам яны ў чарговы раз ідуць да людзей, якіх ужо папярэджвалі аналагічным чынам. Найверагодней, гэта спроба запалохаць людзей – каб яны адчулі, што іх кантралююць. Або спроба супрацоўнікаў міліцыі падстрахавацца перад сваім начальствам – на выпадак праяваў апазіцыйнай грамадскай актыўнасці ў горадзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск