Віцебская міліцыя шукае Алену Янушкоўскую, якая была вымушана з’ехаць за мяжу



Супрацоўнікі аддзела міліцыі Віцебскага раёну правялі ператрус у хаце Алены Янушкоўскай у вёсцы Суйкава. Цяпер там жыве прыёмная дачка Алены з двумя дзецьмі.

Алена Янушкоўская

Паводле блогеркі, прычынай для ператрусу стала тое, што адзін з яе відэаролікаў, “Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком”, уключаны ў афіцыйны спіс так званых “экстрэмісцкіх” матэрыялаў:

– У дачкі таксама пыталіся, дзе я, высвятлялі, ці з’яўлялася я дадому. А таксама ці планую прыехаць. І шукалі сімволіку, але нічога не знайшлі. Дачцэ сказалі, што я нешта не тое выклала на Youtube.

Пра тое, што ў відэароліку “Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком” пракуратура Расонскага раёна ўбачыла заклікі да экстрэмізму, Алена Янушкоўская даведалася з сацыяльных сетак і Тэлеграм-каналаў. Асабіста ёй ніхто нічога не паведамляў, і па пошце прыходзілі толькі позвы ў Следчы камітэт. На думку блогеркі, пракуратуру насцярожыў выступ ксяндза Вячаслава Барка з Расонаў, які таксама быў вымушаны пакінуць краіну, бо яго пераследвалі за тое, што ён прапаведваў хрысціянскія каштоўнасці з пазіцый патрыятызму. У ролік уключаны ягоны выступ у Варшаве на адной з акцый “Малітва за Беларусь”, якія праводзяць беларусы, вымушаныя з’ехаць у суседнюю краіну праз пераслед беларускіх уладаў.

Беларускае Радыё Рацыя