Віцебскі абласны суд адхіліў апеляцыі палітзняволеных Кашаверавай і Ісакава
Віцебскі абласны суд адхіліў апеляцыйныя скаргі віцяблян Юліі Кашаверавай і Арцёма Ісакава на рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Віцебска, які ў лютым 2021 года прыгаварыў іх адпаведна да аднаго з паловай і трох гадоў зняволення, паведаміў пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Раней праваабаронцы прызналі прысуды палітычна матываванымі, а саміх асуджаных — палітвязнямі.
Як паведаміў бацька Юліі Кашаверавай, 4 мая абласны суд не задаволіў скаргу яго дачкі і пакінуў прысуд без зменаў. Рашэнне суда Кастрычніцкага раёна набыло законную моц. Паводле яго слоў, Кашаверава павінна адбыць паўтара года ў калоніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК): дзяўчына нібыта пашкодзіла міліцэйскі мікрааўтобус, ударыўшы па ім нагой.
„На жаль, Юля застанецца за кратамі. У яе скарзе нават не ставілася пытанне зменшыць тэрмін пакарання, была толькі просьба змяніць меру стрымання, каб не была звязаная са знаходжаннем пад вартай. Але просьбу адхілілі”, — паведаміў бацька палітзняволенай.
Ён мяркуе, што ўжо ў другой палове мая дачку этапуюць у гомельскую калонію.
Таксама Віцебскі абласны суд адхіліў скаргу яшчэ аднаго палітвязня — Арцёма Ісакава. 4 лютага суд Кастрычніцкага раёна прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі за прымяненне газавага балончыка падчас мірнага шэсця. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя як гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў унутраных спраў (арт. 364 КК).
Кашаверава была затрыманая 4 кастрычніка 2020 года пасля пратэстнай акцыі ў абласным цэнтры. За ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве яе аштрафавалі. Пасля яе зноў затрымалі і змясцілі пад варту ў межах крымінальнай справы.
Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што падчас акцыі 4 кастрычніка яна нібыта сарвала маску і кепку з супрацоўніка МУС, а таксама біла нагой па міліцэйскім мікрааўтобусе.
Сваю віну Кашаверава прызнала часткова. Яна пагадзілася з тым, што некалькі разоў ударыла па міліцэйскай машыне, але падкрэсліла, што гэта было з-за эмоцый. Паводле яе слоў, яна хацела аказаць медыцынскую дапамогу (на той момант дзяўчына працавала медсястрой у 103-й ваенна-паветранай брыгадзе) аднаму з удзельнікаў акцыі, які ў нейкі момант упаў, як ёй здалося, страціўшы прытомнасць. Супраць людзей, якія хацелі падняць і панесці хлопца, выкарысталі газ, самога маладога чалавека супрацоўнікі міліцыі забралі ў мікрааўтобус. Пасля гэтага Кашаверава, якая не паспела яму дапамагчы, паводле яе слоў, і ўдарыла па машыне.
Разам з тым яна заявіла, што не зрывала з супрацоўніка міліцыі маску і кепку, а падабрала гэтыя рэчы з зямлі, думаючы, што яны належаць затрыманаму.
За пашкоджанне аўтамабіля УУС выставіла ёй прэтэнзіі на 405 рублёў, якія сям’я дзяўчыны выплаціла. Пасля шкода была пераацэненая і сума ўзрасла да 841 рубля, Кашаверава з гэтым не пагадзілася.
Дзяржабвінаваўца прасіў для Кашаверавай шэсць гадоў пазбаўлення волі, суддзя абмежаваўся паўтара гадамі, прызнаўшы яе вінаватай не па ч. 2 арт. 339 КК, як было першапачаткова, а па ч. 1 згаданага артыкула.