Віцебскі аблвыканкам робіць стаўку на дэзінфекцыю



У Віцебску толькі адзінкавыя прадпрыемствы абвясцілі каранцінныя захады, тады як навучальныя і культурніцкія ўстановы працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Адзінае – памяшканні, а таксама пасажырскія салоны гарадскога транспарту апрацоўваюць антысэптычнымі прэпаратамі.

Пару дзён таму сайце Віцебскага аблвыканкама з’явілася першае афіцыйнае паведамленне пра тое, як у вобласці змагаюцца, або яшчэ толькі плануюць змагацца з распаўсюдам каронавіруса. Чыноўнікі заклікаюць грамадзянаў праявіць свядомасць, пазбягаць людных месцаў, часцей мыць рукі і піць гарачую гарбату. На працоўных прадпрыемствах – апрацоўваць рукі антысэптычнымі прэпаратамі з утрыманнем спірту. Пра ўвядзенне каранціну не вядзецца, і менавіта на дэзінфекцыю зроблена стаўка ў абмежаванні распаўсюду каронавіруса.

Як гэта робіцца на практыцы? Крамам і аб’ектам грамадскага харчавання рэкамендавана не радзей як раз на суткі праводзіць вільготную прыборку, сістэматычна праветрываць памяшканне, апрацоўваць дызенфікуючымі рэчывамі ручкі дзвярэй, парэнчы і гэтак далей, усталяваць у гандлёвых залах дазатары з антысэптыкам для агульнага карыстання. На справе ў крамах можна сустрэць хіба ёмістасць з нейкай вадкасцю, часцяком прывязаную вяроўкай, каб не было крадзяжоў. Найчасцей пакупнікі да яе нават не падыходзяць – не тое, што не карыстаюцца. У выходныя на віцебскіх вуліцах можна было сустрэць лічаных асобаў у медычных масках. У большасці аптэк іх няма, бяз масак працуюць і самі аптэкаркі, і гандляркі ў буйных крамах. Між тым павялічваецца колькасць выпадкаў захворванняў, якія медыкі дыягнастуюць як пнеўманіі. Падобна, што месцы ў лякарні, якую адмыслова прызначалі для такіх хворых, ужо скончыліся – людзей шпіталізуюць у іншыя медычныя ўстановы.

Беларускага Радыё Рацыя, Віцебск