Віцебскі гарвыканкам прапануе захады супраць каронавіруса. 21 пункт
У рашэнні Віцебскага гарвыканкама №349 ад 27 сакавіка пералічваюцца захады, якія павінны перашкодзіць распаўсюду хваробы.
Гэта, прыкладам, абмежаванне камандзіровак на прадпрыемствах, парады не прыходзіць на працу ў хваравітым стане, пераход вышэйшых навучальных установаў на дыстанцыйнае навучанне. Але ў той самы час іншагароднім студэнтам забаронена ехаць дахаты на выходныя. Бацькам дазволена не вадзіць дзяцей у садкі, і плаціць за прапушчаныя дні не патрэбна. Аднак для школьнікаў каранціну няма – іх проста рэкамендавана трымаць у адным памяшканні цягам навучальнага дня і не “змешваць” вучняў розных класаў.
Забаронены масавыя мерапрыемствы ў музеях, бібліятэках і гэтак далей. Што да ўстановаў грамадскага харчавання, то ім скарацілі час працы да 23-яй гадзіны, і раяць абсталяваць памяшканне так, каб паміж столікамі была адлегласць, не меншая за паўтара метры. У гатэлях рэкамендавана рассяляць гасцей як мага далей адно ад аднаго – аж да таго, што на розных паверхах.
Некаторыя з гэтых захадаў, зацверджаных гарвыканкамам, паўтараюць прапановы віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, які звяртаўся з імі да ўладаў яшчэ 12 сакавіка. Але на мінулым тыдні атрымаў адказ, што такія сур’ёзныя захады не патрэбныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск