«Віцебскі кур’ер» судзіцца з Міністэрствам інфармацыі
«Віцебскі кур’ер» судзіцца з Міністэрствам інфармацыі. Ведамства вынесла ўласніцы рэгіянальнага інтэрнэт-выдання Вольгі Карач папярэджанне за нібыта «несапраўдную інфармацыю» у адным з артыкулаў. Вольга Карач у сваю чаргу звярталася ў суд Цэнтральнага раёна Менска з заявай аб адмене папярэджання. Там адказалі, што менавіта гэта справа ім непадсудная і скіравалі адразу ў Вярхоўны суд.
Будзем далей судзіцца, кажа Вольга Карач, для якой гэта прынцыповае пытанне.:
— Я лічу гэта вельмі дрэннай практыкай, што Міністэрства інфармацыі рэагуе на крытыку дзяржаўных органаў, тым больш вельмі апраўданую і справядлівую крытыку і гэта забівае свабоду слова ў Беларусі. Журналісты потым будуць баяцца пісаць нешта, бо пакрытыкуюць нейкіх чыноўнікаў і ім вынесуць папярэджанне: што гэта такое? Наогул гэта практыка проста дурная.
Абскардзіць папярэджанне Міністэрства інфармацыя, задача амаль не магчымая, — кажуць адмыслоўцы. Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, не прыгадвае, каб медыя ў судзе перамагалі дзяржаву.
— Вельмі мала прыкладаў калі сродкі масавай інфармацыі судзяцца з Міністэрствам інфармацыі за папярэджанне. З аднаго боку гэта адбываецца з-за таго, што некаторыя СМІ проста не звяртаюцца ў сітуацыі, а таксама ёсць так, што некаторыя СМІ нават не паведамляюць, што яны атрымалі тое ці іншае папярэджанне, бо яны згаджаюцца з гэтым. Папярэджанні ніколі не адмяняліся судом і заўсёды суд станавіўся на бок дзяржаўнага органа.
Выданне «Віцебскі кур’ер» папярэдзілі за «несапраўдную інфармацыю». Міністэрства інфармацыі грунтуе свае прэтэнзіі на падставе меркаванняў Віцебскага аблвыканкама. Мясцовыя ўлады палічылі і загаловак, і змест матэрыяла «За что ребёнка забирают из благополучной семьи» непраўдзівымі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя