Віцебскі незалежны журналіст Зміцер Казакевіч – на волі



Супраць журналіста пачалі адміністрацыйную справу за ўдзел у несанкцыянаванай  акцыі, якая адбылася 6-га верасня.

З мінулай пятніцы Змітра Казакевіча трымалі за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання. Сёння ў судзе Першамайскага раёна незалежны журналіст з дапамогай адваката і сведчанняў калег спрабаваў давесці, што ўдзелу ў акцыі ён не браў, а толькі выконваў свае прафесійныя абавязкі. Суддзя Міхаіл Юрчанка не знайшоў падставаў, каб прызнаць Змітра Казакевіча вінаватым, і накіраваў справу на дапрацоўку ў міліцыю. Нягледзячы на вымушанае зняволенне цягам 72-х гадзінаў, журналіст лічыць, што на дадзены момант ёсць надзея на пазітыўны вынік:

– Можа, гэта нейкі прэцэдэнт, што нас, журналістаў не акрэдытаваных СМІ, усё ж такі будуць успрымаць усур’ёз. І не будуць “шыць” нам пратаколы па арт. 23.34  КаАП. Калі так будзе, то гэта будзе маленькая наша перамога, і мой унёсак у яе таксама будзе.

Журналіст прыгадвае, што міліцыянты пагражалі яму новымі пратаколамі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, калі зноўку заўважаць яго на акцыях пратэсту. Таму выніковае рашэнне суду мусіць паўплываць на стаўленне з боку супрацоўнікаў міліцыі да журналістаў, якія хоць і працуюць без акрэдытацыі, але годна робяць сваю прафесійную справу. Дата новага судовага пасяджэння пакуль не прызначана.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск