Віцебскі прытулак для бяздомных жывёлаў просіць дапамогі
Прытулак для бяздомных жывёлаў у Віцебску прыналежыць да прадпрыемства “Спецаўтабаза”. Гэта дзяржаўная ўстанова, але дзяржаўнага фінансавання катэгарычна не хапае на ўсе патрэбы. Таму работнікі і валанцёры прытулку перыядычна ладзяць выяздныя акцыі ў цэнтры горада – вывозяць сваіх гадаванцаў, каб гараджане маглі з імі пазнаёміцца, а можа, і забраць сабе дахаты. Але найперш – каб людзі дапамаглі самым неабходным: ежай і лекамі. Кажа валанцёрка прытулку Ала Прасолава:
– Рэкламуем, што будзе акцыя, вывозім жывёлаў. У разліку нават не на тое, што ўладкуем да новых гаспадароў, а каб нагадаць, што ў горадзе ёсць прытулак. Бо нехта нават і не ведае. І арганізоўваем гандаль, каб людзі набывалі прадукты, бо не ўсе могуць прынесці нешта з сабой. А тут – набылі і адразу нам перадалі, і мы тут жа адвезлі. Крупы, макароны, мясныя прадукты набываюць добра. Вось літаральна за паўгадзіны прадалі больш за 100 кілаграмаў мясных прадуктаў, вокамгненна! І сетка крамаў “Зоомир”, якія нам дапамагаюць, паставілі каробкі, каб можна было і сваім гадаванцам нешта набыць, і для нашых нешта пакласці. Потым яны ўсё адвозяць у прытулак.
Акцыя, пра якую распавяла Ала Прасолава, прайшла ў культурны-гістарычным цэнтры “Задзвінне”. Гэта чарговы вымушаны крок для прытулку, які мае дзяржаўны статус, але не мае належнага фінансавага забеспячэння. Аднак ёсць і радасныя навіны: пасля выяздной акцыі пяцёра гадаванцаў прытулку знайшлі сабе новых гаспадароў і сапраўдны дом.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтаркі