Віцебскі суд адхіліў касацыйную скаргу незалежнага журналіста



Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова адхіліла касацыйную скаргу незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача.

Журналіст быў нязгодны з прысудам, які вынес яму суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 6 кастрычніка. Недакладнасці і нестыкоўкі ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні суддзю Тарасевіча не збянтэжылі. Ён усё адно прызнаў журналіста вінаватым. І прысудзіў штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, дзеянні суддзяў як Глыбоцкага суда, так і Віцебскага ён лічыць анахранізмам.

За распаўсюд інфармацыі прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці гэта рэальны анахранізм. Я не разумею, чаму суддзі не разумеюць таго, што артыкул на падставе якога Дзмітрыя Лупача прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці: за парушэнне заканадаўства аб СМІ, так ён гучыць. Дык вось, калі адкрыць закон «Аб сродках масавай інфармацыі» там трэці артыкул кажа пра тое, што ён распаўсюджваецца на юрыдычных асоб.  Дзмітрый Лупач — асоба фізічная. Таму як можна прыцягнуць да адказнасці фізічную асобу, калі адказнасць распаўсюджваецца толькі на юрыдычных асоб, мне незразумела.

Нагадаем, адміністрацыйную справу супраць глыбоцкага журналіста распачаў старшы інспектар Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Змітру Лупачу інкрымінавалі парушэнне артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за відэасюжэт “Захад-2017” на тэлеканале “Белсат”. Правапарушэнне з боку журналіста Цырбан заўважыў, праводзячы маніторынг сеткі Інтэрнэт.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя