Віцебскі суд адмовіў у касацыі журналістцы з Глыбокага



У Віцебскім абласным судзе не сталі разглядаць справу глыбоцкай журналісткі-фрылансера Таццяны Смоткінай.

Таццяна Смоткіна

Яна накіравала скаргу на рашэнне раённага суда, які прызнаў яе вінаватай паводле абвінавачвання ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Сама журналістка на суд у Віцебск не паехала, бо яе прысутнасць паводле заканадаўства неабавязковая,  і яна ня верыць у справядлівае рашэнне:

– Я не паехала таму што, па-першае, у лісце было напісана, што можна не ехаць. Па-другое, я не веру ў тое, што будзе нейкае рашэнне справядлівае. Я бачыла як праходзяць суды ў нас тут у Глыбокім, нас амаль там не слухалі, то бок ужо загадзя зразумела, які прысуд будзе.  

Праваабаронца з Віцебску Павел Левінаў, які прысутнічаў на судзе, адзначае, што суддзя абсалютна безпадстаўна адмовілася разглядаць скаргу журналісткі Таццяны Смоткінай:

– Незразумела чаму адкрытая скарга Таццяны разгледжана не была, а аргумент той, што яна не з’явілася. Ну і што, што яна не з’явілася? У заканадаўстве не напісана, што справа не павінна разглядацца публічна і галосна.

Паводле рашэння суддзі Людмілы Вашчанкі, журналістка Таццяна Смоткіна была аштрафавана на 25 базавых велічынь. Адміністрацыйная справа супраць яе была распачатая пасля з’яўлення артыкула “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”, размешчанага дзявятага чэрвеня на сайце нашага “Беларускага Радыё Рацыя”.

 

У ліпені Глыбоцкі раённы суд пакараў  Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Абодвух пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічыняў – па чатыры з паловай  мільёны рублёў з кожнага.

Падставай для справы супраць Змітра Лупача стаў матэрыял „Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года”, размешчаны на сайце „Еўрарадыё”.

2015-07-23_sud_lupach

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя