Віцебскі суд прызнаў, што Полацкі райвыканкам парушыў правы Міколы Шараха



Жыхар Полацка мусіў звярнуцца ў суд пасля таго, як мясцовыя ўлады адмовіліся зарэгістраваць установу “Адвакацыя. Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва”.

Суддзя Ірына Кавалёва пацвердзіла, што райвыканкам мусіў зарэгістраваць установу, але не зрабіў гэтага.

8 месяцаў Мікола Шарах патраціў на тое, каб дамагчыся ад уладаў уцямнай прычыны нерэгістрацыі: установу не зарэгістравалі, спаслаўшыся на парушэнне заканадаўства падчас запаўнення дакументаў, хаця перад тым работнікі выканкама неаднаразова праверылі кожную афіцыйную паперу. Толькі ў судзе высветлілася, што ўладальнік юрыдычнага адраса нібыта адмовіў Міколу Шараху ў яго выкарыстанні. Але пісьмовае пацверджанне гэтаму датуецца 9-м жніўня, хаця дакументы на рэгістрацыю былі пададзены 20-га ліпеня, і па законе райвыканкам мусіў зарэгістраваць установу цягам аднаго дня.

Улады парушылі заканадаўства, але няма гарантый, што яны не зробяць гэта яшчэ раз. Бо неабходнасць юрыдычнага адрасу з’яўляецца самым слабым месцам падчас рэгістрацыі, і райвыканкам заўжды можа націснуць на ўласніка памяшкання, які будзе вымушаны адмовіць непажаданаму арандатару, кажа Мікола Шарах:

– Зараз прапаноў на арэнду вельмі шмат. Але тут і самае слабое месца, праз якое дзяржава можа ціснуць на арэндадаўцу, каб адмовіць у рэгістрацыі. Тут пытанне ў тым, хто хутчэй: або ты падасі дакументы на рэгістрацыю, пакуль дзейсны юрыдычны адрас, і за адны суткі ў выканкаме мусяць зарэгістраваць установу, або за гэтыя суткі арэндадаўца паспее адклікаць юрыдычны адрас. Ці не паспее. Такое атрымліваецца спартовае спаборніцтва нейкае. Але гэта глупства!Дзяржава не тым павінна займацца!

Тым не менш, Мікола Шарах збіраецца зрабіць новую спробу рэгістрацыі. Бо лічыць, што ўстанова для прававой і інфармацыйнай падтрымкі сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва вельмі патрэбная. Бо паслугі адвакатаў і юрысконсультаў каштуюць дорага, і ў людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, проста няма такіх грошай. Мікола Шарах лічыць, што дзяржава сама мусіла б паклапаціцца пра стварэнне такой сацыяльна арыентаванай установы, але ў полацкіх уладаў – іншае меркаванне. Там гатовы пайсці на парушэнне закона, каб толькі людзі не атрымалі дапамогі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск