Віцебскі суддзя “пазнаў абвінавачаную па голасе і па фігуры”



Юлію Уласенку, дачку вядомай віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай, аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1160 рублёў) нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні. Старшыня Варонаўскага сельскага выканкаму Юрый Восіпаў убачыў у інтэрнэце відэа з каляднай сяброўскай вечарыны, якая прайшла 8-студзеня ў прыватнай кавярні ў вёсцы Лучынаўка. І патэлефанаваў у міліцыю – заявіў, што ўдзельнікі крычаць антыдзяржаўныя лозунгі і махаюць бел-чырвона-белымі сцягамі. Відэа здымала Алена Янушкоўская, і міліцыянты вырашылі, што на гэтай імпрэзе яна была разам з дачкой. 

Юлія Уласенка не пагадзілася з абвінавачаннем:

 – Насамрэч я была дома. Дзеці хварэлі, і не было з кім іх пакінуць. Мама мая была на тэрыторыі той кавярні і вяла стрым, які доўжыўся 3 хвіліны 15 секунд. За гэта мяне і судзілі. Суддзя Міхаіл Зубеня сказаў, што ён мяне пазнаў па голасе, па фігуры. Там усе былі ў масках, і ўвогуле не зразумела, хто што крычыць, бо вуснаў не відаць… Суддзя сказаў: “Я ўсё ўбачыў”.

Меркавалася, што сведкам на судзе ў дачкі будзе яе маці-блогерка. Але ўчора ўвечары яе затрымалі і змясцілі ў ІЧУ. Суддзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня не пагадзіўся чакаць і вырашыў, што дастаткова паказанняў міліцыянта Аляксандра Недзведя. Той бачыў Юлію Уласенку двойчы ў жыцці, але таксама пацвердзіў, што пазнаў яе на відэа. Блогерку Алену Янушкоўскую таксама чакае суд па гэтай справе: ці заўтра, ці пасля вызвалення з ІЧУ, дзе яе могуць трымаць да 72-х гадзінаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск