Віцебскі ўніверсітэт – не для “рускага свету”



Прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў даслалі лісты ва ўніверсітэт імя Машэрава і ў аддзел культуры Віцебскага аблвыканкаму, прыгадаўшы мінулагодні скандальны выпадак. Летась у Міжнародны дзень роднай мовы ў навучальнай установе прайшлі імпрэзы, прысвечаныя расейскай мове. Абурэнне грамадскасці выклікала яшчэ й тое, што  яны фінансаваліся расейскім фондам “Русский мир”.

Сёлета актывісты вырашылі папярэдзіць чыноўнікаў і рэктарку ўніверсітэту Валянціну Багатырову пра недапушчальнасць падобных дзеянняў, кажа Таццяна Севярынец:

– Мы падобнае ўспрымаем як акт гібрыднай вайны ў дачыненні да Беларусі, замах на яе незалежнасць. Падобнае не павінна паўтарацца, мы пішам. Мы заклікаем не дапускаць падобных дэманстрацый непавагі  да роднай мовы ў сценах ВДУ імя Машэрава.

Леташні інцыдэнт з прапагандаваннем расейскай мовы ў якасці роднай пакінуў практычна не заўважанымі высілкі кафедры беларускай мовы і літаратуры: беларускамоўныя імпрэзы ў Міжнародны дзень роднай мовы праходзілі таксама, але не былі настолькі масавымі ў параўнанні з пампезным узвышэннем мовы суседняй дзяржавы. 

Рэакцыя грамадскасці была рэзкай – аж да патрабавання зняць з пасады рэктара ВДУ.  І абурэнне “моўнай інтэрвенцыяй” прынесла свой плён: на сайце ўніверсітэту з’явілася абвестка пра праграму імпрэзаў 21-га лютага, і ўсе яны – беларускамоўныя.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя