У Віцебскім універсітэце ў Дзень роднай мовы папулярызавалі рускую мову
У Віцебскім універсітэце фонд «Русский мир» арганізаваў святкаванне Дня роднай мовы, а менавіта рускай.
У прыватнасці сайт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава інфармуе аб мерапрыемствах, прысвечаных Дню роднай мовы. У раздзеле «Тыдзень роднай мовы» паведамляецца графік падзей: 18 лютага — падвядзенне вынікаў адкрытага абласнога конкурса «Мая родная мова — руская». 19 лютага — замежныя студэнты чытаюць творы рускіх аўтараў. 22 лютага — круглы стол па праблемах выкладання рускай мовы як роднай, няроднай і замежнай. Цікава, што сайт фонда «Русский мир» побач з навіной пра «Год рускай мовы ў ДНР» рапартуе і пра аналагічныя актыўнасці ў Віцебску.
Мясцовая актывістка Таццяна Севярынец абураная гэтым фактам і складае адпаведны зварот.
– Накіравалі электронны зварот на сайт дзяржуніверсітэта, які сёння праводзіць мерапрыемствы, абвесціўшы роднай рускую мову. Гэта ўвогуле ганьба. Гэта распальванне варожасці. Яно павялічвае супрацьстаянне, якое зараз расце ў беларускім грамадстве. Змест петыцыі ў тым, каб усё ж такі прыбралі такіх недальнабачных кіраўнікоў гэтага ВНУ, усялікіх там Ягоравых.
«Русский мир» — гэта расейская арганізацыя, якая выдае грашовыя гранты на прасоўванне расейскага парадку дня. Пад культурніцкай абгорткай знаходзіцца палітычны змест — у радзе фонда кіраўнікі «Рассупрацоўніцтва», расейскія палітыкі і прапагандысты.
У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што такія пытанні таксама не да іх, а ўласна да Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чаму ў гэтым універсітэце рэалізуе праекты фонд «Русский мир», у міністэрстве таксама не ведаюць, паведамляе «Наша ніва».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя