Віцебскіх актывістаў і журналістаў засыпалі позвамі ў пракуратуру
Некаторым позвы дублююць: адну дасылаюць поштай, другую прыносяць дадому міліцыянты.
Выклікаюць у пракуратуру найперш тых, каго штрафавалі за парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34 падчас акцый пратэсту, распавяла незалежная журналістка Алена Шабуня, якая ўжо мела гутарку з супрацоўніцай пракуратуры:
-У мяне пыталіся: “Вас затрымлівалі?” Кажу: “Не, мяне не затрымлівалі”. Яна кажа: “А быў жа пратакол за ўдзел у мітынгу?”. Сказала, што быў, але ж гэта незаконна. Яна мне прачытала, што калі будзе яшчэ другі і трэці, то адказнасць будзе іншая. Яна пачытала мне, а потым я ёй расказала, што іх чакае…
Грамадская актывістка Таццяна Севярынец атрымала адразу дзве позвы ў пракуратуру на 3-га сакавіка. На яе думку, такі імпэт да гутарак з актывістамі невыпадковы:
– У час беззаконня, беспакаранасці можа быць усё, што заўгодна, – што захочуць, тое і прыдумаюць. Настолькі ім страшна, што беларусы робяцца беларусамі, наколькі ім страшна, што беларусы хочуць быць незалежнымі, наколькі ім страшна, што беларусы разумеюць: так жыць нельга!
Адначасова з пракуратурай актывізаваўся і Следчы камітэт: жыхароў Віцебску, заўважаных падчас так званых несанкцыянаваных акцый, пачалі выклікаць як сведкаў па крымінальных справах. Гэтыя справы нібыта тычацца размалёўкі будынкаў “цынічнымі надпісамі” – такім надпісам следчыя лічаць словы “Жыве Беларусь!” Таксама следчыя распытваюць пра наяўнасць у людзей бел-чырвона-белай сімволікі і выяваў “Пагоні”, цвердзячы, што гэта “забароненыя” сімвалы. Хоця выява “Пагоні” выкарыстана на афіцыйным гербе Віцебскай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск