Віцебскіх партызанаў судзілі ў ноч з суботы на надзелю. Суд цягнуўся 8 гадзін



Мінулай ноччу ў 23. 55 хвілін скончыўся судовы працэс над 13-цю маладымі людзьмі, якіх звінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Усе падсудныя цвердзілі, што гэтага не рабілі. Але доказам правапарушэння міліцыянты палічылі наяўнасць бел-чырвона-белых сцягоў у асабістых рэчах некаторых затрыманых.

9 чалавек міліцыя затрымала ўвечары 27-га студзеня ў раёне Віцебска, які завецца “Тарны пасёлак”. 28-га студзеня затрымалі яшчэ чацвярых чалавек.

Падчас знаходжання ў пастарунку 30-гадовую Ганну Куліеву, маці чацвярых дзяцей, знялі на відэа, дзе яна прызнаецца ў “партызанскай дзейнасці” – распавядае, што група людзей фатаграфавалася з бел-чырвона-белымі сцягамі ў розных раёнах горада, і што яна шкадуе пра свае ўчынкі.

Судзілі затрыманых учора – у памяшканні аддзела міліцыі Перашамайскага раёна. Працэс распачаўся каля 15-й гадзіны і скончыўся апоўначы. Падсудным не дазволілі перадаць ежу, тры разы да пастарунка пад’язжала хуткая дапамога. Суддзя Вераніка Барысава прысудзіла штрафы чатыром з затрыманых жанчын, 9-ці чалавекам прысудзіла арышты на 15 сутак – нават тым, хто быў затрыманы па адміністрацыйным артыкуле 23.34 упершыню. Сярод асуджаных апынуліся двое выпадковых мінакоў: хлопец і дзяўчына, якую ён праводзіў дадому. Прычым дзяўчына ўвесь час цвердзіла, што яна галасавала за Лукашэнку і шчыра падтрымлівае дзейную ўладу. Суд гэта не пераканала.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск