Віцебскіх студэнтаў палохаюць адлічэннямі за ўдзел у пратэстных акцыях



Пасля студэнцкіх выступаў 26 кастрычніка з менскіх вышэйшых навучальных установаў пачалі выключаць студэнтаў, якія апынуліся ў міліцыі, а потым за кратамі. Трое першых маладых людзей, якія трапілі пад рэпрэсіі, – са сталічнай акадэміі мастацтваў. Пяцікурснікаў Карыну Чакур і Аляксандра Данілава, трэцякурсніка Серафіма Ганічава выключылі з акадэміі яшчэ ўчорашнім чыслом – у дзень затрымання.

Кажа  наш  карэспандэнт Ганна Ліпка:

– Адміністрацыі віцебскіх ВНУ не задаволеныя не столькі ўдзелам студэнтаў у мірных пратэстах агульнагарадскога маштабу, колькі спробамі скансалідавацца ў сценах сваёй alma mater. Так, учора пасля студэнцкага сходу дзеля падтрымкі агульнанацыянальнага страйку былі затрыманыя двое хлопцаў і двое дзяўчат з віцебскага медычнага ўніверсітэта. І ўжо сёння падчас адмыслова арганізаванай сустрэчы рэктар Анатоль Шчасны папракаў студэнтаў тым, што яны зганілі гонар універсітэта. Адміністрацыя выклікала міліцыю, даведаўшыся, што студэнты-медыкі зноўку збіраюцца стаць каля ўвахода ланцугом салідарнасці.

Міліцыю выклікалі і ў акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Людзі ў цывільным фатаграфавалі і здымалі на відэа студэнтаў, якія ўсяго толькі гуртаваліся ў калідорах невялікімі купкамі. Усім, хто адважыцца зладзіць пратэсты, пагражаюць выключэннем. Гэтак адміністрацыі імкнуцца выканаць распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі пра адлічэнне студэнтаў, якія не згодныя з афіцыйнымі вынікамі мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Беларускага Радыё Рацыя, Віцебск