Віцебскіх журналістаў не пусцілі на “круглы стол” пра наркотыкі



Журналістаў-фрылансераў Змітра Казакевіча і Вячаслава Лазарава запрасілі на “круглы стол” у Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі мясцовыя прадстаўніцы руху “Маці 328”.

Менавіта гэтыя жанчыны выступілі з ініцыятывай абмеркаваць супольна з педагогамі магчымыя захады прафілактыкі злачынстваў, звязаных з распаўсюдам наркотыкаў. Але абмеркаванне праводзілася ў дзяржаўнай установе, і журналістаў недзяржаўных СМІ там не чакалі, распавёў Зміцер Казакевіч:

– За сталом сядзелі тры супрацоўніцы перад уваходам, яны спраўдзілі, ці ёсць нашы прозвішчы ў спісе арганізатараў, і сказалі “Не”. Нашы настойлівыя просьбы, а таксама просьбы жанчын з руху “Маці 328” таксама не мелі плёну. Супрацоўніцы сказалі, што ім загадана не пускаць нікога, калі няма ў спісах.

Арганізатары сказалі, што ў спісе запрошаных ёсць прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы, але ніхто з іх так і не прыйшоў. Між тым менавіта журналісты недзяржаўных СМІ ўпершыню звярнулі ўвагу на наступ рэкламы наркотыкаў у Віцебску. Увогуле ж, пытанні прафілактыктычнай працы з дзецьмі і падлеткамі, на якіх разлічаны “наркаграфіці” з кантактамі інтэрнэт-крамаў мусяць агучвацца як мага больш шырока, а не прыхоўвацца ад грамадскасці, лічаць “непажаданыя” на “круглым стале” журналісты.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск