Віцебскія актывісты дамагліся стварэння офіса дзіцячых лекараў



Педыятрычная амбулаторыя лекараў агульнай практыкі з’явіцца ў новым жылым мікрараёне Віцебска.

Перамогай віцебскіх актывістаў называе гэты факт каардынатарка ініцыятывы “За якасную медыцыну для ўсіх” Таццяна Севярынец. Яна нагадала, што за з’яўленне паліклінічнага комплексу ў мікрараёне Білева сабралі больш за 10 тысяч подпісаў:

– 10 тысяч дзетак у мікрараёне жыве, каля 40 тысяч увогуле жыхароў, паліклініка далёка, дабірацца да яе нязручна, паліклініка перапоўнена, бо там адкрыта дзевяць участкаў толькі для мікрараёна Білева. Таптанне, хаджэнне, то што пайшлі ўсё ж такі насустрач і вырашылі адкрыць вось гэтую амбулаторыю па першаснаму прыёму, забору аналізаў і гэтак далей, я лічу гэта плён ад нашай працы і наша перамога.

Разам з тым Таццяна Севярынец раскрытыкавала тое, што ў мікрараёне ствараецца не паліклінічны комплекс, а толькі офісныя медычныя цэнтры для дзяцей і дарослых.

Актывістка таксама расказала, што ў шэраг дзяржаўных структур дасланыя амаль паўтары тысячы подпісаў з просьбай праверыць, як віцебскія ўлады выконваюць інвестыцыйныя планы і куды сыходзяць грошы падатка-плацельшчыкаў.

Беларускае Радыё Рацыя