Віцебскія чыноўнікі ахвяравалі на падтрымку медыкаў. Колькі?



На афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкама з’явілася абвестка пра адкрыццё дабрачыннага рахунка, дзе збіраюцца сродкі для падтрымкі медработнікаў. Тамсама гаворыцца, што першымі ахвярадаўцамі сталі супрацоўнікі гарвыканкама і раённых адміністрацый. Але якія канкрэтныя сумы стаяць за азначэннем «аднадзённы заробак», ніхто не ўдакладняе.

Што да мэтаў выкарыстання сабраных грошай, то яны такія самыя, як абвясцілі яшчэ ў самым пачатку эпідэміі віцебскія валанцёры. Сродкі пойдуць на медычнае абсталяванне, спецадзенне для медыкаў, а таксама на харчаванне супрацоўнікаў лякарняў, якое будзе гатаваць адкрытае акцыянернае таварыства «Вітміл».

Абвестка на афіцыйным сайце гарвыканкама вісіць ужо трэція суткі, але нідзе няма справаздачаў, колькі паступіла грошай, і як іх патрацілі. Па прынцыпова іншай схеме працуюць віцебскія валанцёры. На старонцы «ByCovid19Vitebsk – помощь врачам» у Фэйсбуку увесь час размяшчаюцца справаздачы, якія лякарні атрымалі канкрэтную дапамогу на ахвяраваныя сродкі. Сёння там з’явілася яшчэ адна абвестка пра магчымасць дапамагчы лекарам: жыхарам Віцебска паведамілі пра месца збору харчовых прадуктаў – кавы, гарбаты і кандытарскіх вырабаў, якія будуць накіроўваць туды, дзе медыкі працуюць практычна круглыя суткі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск