Віцебскія дамы- „вышыванкі” з параднага і непараднага боку



На Маскоўскім праспекце ў Віцебску тарцы трох дзевяціпавярховых будынкаў размалявалі стылізаваным арнаментам.

Шмат каму навінка спадабалася: віцябляне заўважылі ў гэтым беларускі каларыт, якога мала ў горадзе, і назвалі дамы “вышыванкамі”. Але не зусім задаволенымі засталіся мясцовыя жыхары “: з праспекту “дзевяціпавярхоўкі” глядзяцца вельмі прывабна, а ўнутраныя двары даўно вымагаюць рамонту:

-Да фестывалю пачалі – той дом зрабілі звонку, і гэты звонку. Але толькі звонку, унутры не фарбавалі.

– Ну, у нас жа як кажуць? Усё за свой кошт. Пляцоўкі фарбуйце самі, вокны мяняйце самі. Всё самі.

-Мы ж грошы адлічваем на капітальны рамонт. Кожны месяц усё плацім, плацім, плацім… Але ўнутры зрабіць – дык не! Толькі вонкавы бок. Каб бачылі госці і прэзідэнт, праязджаючы…

Арнаменты да фестывалю “Славянскі базар” дамаляваць не паспелі, і рабілі гэта ўжо апошнімі днямі. Але пачатак Маскоўскага праспекту “абнавілі” яшчэ тры тыдні таму, і цяпер ён рабаціць рознакаляровымі ўзорамі: дзесьці расфарбавалі гаўбцы, дзесьці – намалявалі на сценах квадраты, простакутнікі ды іншыя фігуры. І ўсё гэта, каб уразіць гасцей, – толькі звонку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск