Віцебскія камунальныя службы не рэагуюць на скаргі. Гараджане пратэстуюць



Жыхар Віцебску Яўген Крыскевіч  заклікаў землякоў падпісаць зварот да гарадскіх уладаў і кіраўніцтва службы ЖКГ. У звароце вядзецца пра тое, што камунальнікі ігнаруюць заяўкі віцяблян, пададзеныя праз інтэрнэт-сайт 115.бел.

Адмысловы інтэрнэт-рэсурс 115.бел  створаны дзеля таго, каб жыхары розных рэгіёнаў пакідалі заяўкі наконт  мясцовых камунальных праблем: пра кепскія дарогі, дрэнную прыборку вуліц, няспраўныя светлафоры, адсутнасць вулічнага асвятлення і гэтак далей.  Сайт акамулюе скаргі і перасылае іх  адпаведным  службовым асобам. Паводле заканадаўства, яны павінны даць справаздачу пра вырашэнне праблемы не пазней як цераз 8 дзён.

Але на віцебскай старонцы  сайту ёсць заяўкі, адказу на якія няма з чэрвеня мінулага году.   Увогуле ж на 5–га сакавіка на сайце 115.бел зарэгістравана 7 985 скаргі па віцебскіх камунальных праблемах, але  вырашана  з іх  толькі  4 379.  Дзе гэта магчыма, мясцовыя жыхары самі змагаюцца з недахопамі. Прыкладам, дапамагаюць дворнікам прыбіраць у сваіх дварах. Аднак у большасці выпадкаў без адмыслоўцаў-камунальнікаў не абыйсціся.

Чаму палова заявак  праігнаравана? Таму, што за выкананнем няма кантролю, лічыць стваральнік петыцыі Яўген Крыскевіч. Ён прапануе, каб у Віцебскім гарвыканкаме прызначылі адказнага супрацоўніка, які будзе сачыць за эфектыўнасцю працы  са скаргамі грамадзян.  Пад петыцыяй падпісаліся  104 чалавекі, збор подпісаў працягваецца.

Колькі дзён таму ў самым цэнтры Віцебску здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак: лекары хуткай  дапамогі не змаглі спусціцца на бераг Дзвіны па абледзянелых сходах, каб дапамагчы пацярпеламу. За неналежнае выкананне працоўных абавязкаў пакаралі дворнікаў і знялі з пасады дырэктара прадпрыемства  “Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка”.  Новаму  кіраўніку, прызначанаму  на гэтую пасаду, дасталася незайздросная “спадчына”: колькасць камунальных праблем у Віцебску, зафіксаваная на  сайце 115.бел, сягае за некалькі тысяч, тады як у Берасці на сённяшні дзень зафіксавана  толькі 114  заявак, у Гародні – 834, у Магілеве – 558.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя