Віцебскія каталікі звярнуліся да Лукашэнкі



Віцебскія вернікі-каталікі просяць кіраўніка Беларусі паспрыяць у вырашэнні пытання пра вяртанне ў Беларусь ксяндза Паўла Кнурэка – пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Пад зваротам да Лукашэнкі падпісаліся 465 чалавек.

Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Павал Кнурэк. Фота Радыё Свабода.

Каталікі звярнуліся да Лукашэнкі пасля таго, як атрымалі адмоўны адказ на свой зварот ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. Чыноўнік у сваім лісце не патлумачыў нават прычыны адмовы.

“Мы разумеем, што, згодна з заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў мае права не паведамляць аб прычыне адмовы, але гэта не зусім сумленна ні ў дачыненні да нас, грамадзян гэтай краіны, ні ў дачыненні да святара, які амаль 20 гадоў прысвяціў служэнню на карысць нашай дзяржавы і быў гатовы працягнуць гэтае служэнне. Калі такая прычына існуе, дык чаму пра яе нельга ведаць тым, хто ў гэтым зацікаўлены. Бо на дварэ ўжо ХХI стагоддзе, і жывем мы ў дэмакратычнай дзяржаве”, – гаворыцца ў звароце да прэзыдэнта.  

Пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Павал Кнурэк, які мае польскае грамадзянства, праслужыў у Віцебску крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар амаль 17 год узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён). За гэты час арганізаваў у Лынтупах “Сьвятліцу” – дом для дзённага знаходжання дзяцей з праблемных сем’яў, штогод ладзіў дзіцячы летнік “Канікулы з Богам”, а таксама адпраўляў дзяцей з бедных сем’яў на аздараўленне ў польскія санаторыі. Апроч таго, адкрыў у Лынтупах аддзяленне дабрачыннага фонду Caritas.

У Віцебску намаганьнямі пробашча была адрамантаваная вежа касцёлу Езуса Міласэрнага, адрамантаваны і адкрыты пакой для малітвы ў Віцебскай абласной лякарні, дзе пацыенты маглі сустрэцца са святаром тры разы на тыдзень.

Вернікі просяць Лукашэнку паспрыяць у вырашэнні пытання аб працягненні дазволу на служэнне ў Беларусі ксяндза Паўла Кнурэка.

vitebskspring.org