Віцебскія курсы “Мова нанова” адзначылі 5-гадовы юбілей
У святочную імпрэзу ператварыліся апошнія заняткі, якія традыцыйна праводзяцца ў віцебскім арт-пабе “Торвальд”.
Вядоўцы курсаў падрыхтавалі відэаролік з фрагментамі самых запамінальных заняткаў, павіншаваць “курсантаў” і іх выкладчыкаў прыйшлі сябры ды знаёмыя, было шмат гумару, жартаў, добрых пажаданняў. Напрыканцы ўсіх прысутных запрасілі на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, выступ якога падтрымаў віцебскі музыка і кампазітар Міхаіл Рубін.
Свята ўдалося, лічыць Іван Рагавой, адзін з вядоўцаў віцебскіх курсаў:
– Мне здаецца, што на апошніх занятках было феерычна! Усе засталіся задаволеныя, да нас прыйшло шмат людзей.Прыйшлі госці з Віцебску і з рэгіёнаў, да нас прыйшлі мастацтвазнаўцы, пісьменнікі, музыкі – усе, хто нас падтрымліваў цягам гэтых пяці год, усе прыйшлі да нас.
На апошніх занятках найлепшыя студэнты курсаў “Мова нанова” атрымалі дыпломы. Некаторыя з іх прыходзілі на заняткі ўсе 5 гадоў, а некаторыя далучыліся нядаўна. Галіна Магучая ходзіць на “Мову нанова” толькі два гады, але гаворыць пра курсы з вялікім захапленнем:
– Ой, гэта крыніца жывой вады для мяне! Ой, падабаецца! Хадзіла б да самай старасці! Тут мае сябры, і старыя ёсць, і новых знайшла. Тут я адчуваю сябе вольнай, нібыта жыву ў сапраўднай Беларусі! Такі ён вольны, гэты асяродак, без усялякай палітыкі. Ну, хіба толькі крышачку палітыкі, а так – вольны, добры асяродак!
Вядоўцы абяцаюць, што з наступнага навучальнага году курсы працягнуць сваю працу. Бо яны запатрабаваныя і ў слухачоў, якія жадаюць глыбей вывучаць родную мову, і ў тых, хто гатовы дзяліцца з імі сваімі ведамі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя