Віцебскія міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру Севярынцаў



Супрацоўнікі аддзела міліцыі Першамайскага раёна сказалі, што ім трэба агледзець лоджыю ў кватэры, але бацькі вядомага палітыка Паўла Севярынца не пусцілі нязваных гасцей без санкцыі пракурора.

Гаспадар кватэры Канстанцін Севярынец не выключае, што такі візіт мог бы мець непрыемныя наступствы:

– Кажу, ці ў вас пастанова пракурора ёсць? Няма? Дык чаго вы хочаце, хлопцы! Паглядзець? Падкінеце мне тут наркотыкі ці патроны, а потым ператрус – і знойдзеце? Хацеў ім спачатку сказаць, што пушчу, калі вы памахаеце з лоджыі бел-чырвона-белым сцягам ды крыкнеце “Жыве Беларусь!”  Але раздумаў.

Таццяна і Кастусь Севярынцы жывуць на 8-м паверсе ў шматкватэрным доме на праспекце Будаўнікоў. Па версіі міліцыянтаў, 30-га жніўня на гаўбцы сваёй кватэры сямейная пара разам з актывісткай і блогеркай Аленай Янушкоўскай правялі несанкцыянаваны пікет – віталі бел-чырвона-белым сцягам калону ўдзельнікаў акцыі салідарнасці. 1-га верасня спадарыню Янушкоўскую ўжо аштрафавалі за гэты ўчынак. А вось Таццяну і Кастуся Севярынцаў яшчэ не асудзілі – працэс, прызначаны на 9 верасня, перанеслі на няпэўны тэрмін.

Ці не таму, што міліцыянты не ўлічылі адну вельмі важную акалічнасць, якая касуе ўсе складзеныя пратаколы, кажа Таццяна Севярынец:

– Калі я даведалася, што затрымалі Янушкоўскую і вінавацяць яе ў пікетаванні на гаўбцы, то ў мяне аж мову адняло! У мяне не гаўбец, а лоджыя! А гэта частка маёй кватэры! І я на гэтай лоджыі магу рабіць усё што заўгодна ад 7-й ранку да 23.00.

Алёну Янушкоўскую за “пікет на гаўбцы” пакаралі штрафам памерам 35 базавых велічынь. Таццяну і Канстанціна Севярынцаў днямі выклікалі ў пракуратуру, каб абвясціць афіцыйнае папярэджанне пра незаконнасць несанкцыянаваных масавых акцый.  Яны абодва адмовіліся падпісваць гэты дакумент, а на лоджыі ў іхнай кватэры і цяпер лунае бел-чырвона-белы сцяг.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск