Віцебскія суды не прымаюць пратаколы з памылкамі
Працягваюцца судовыя працэсы над удзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Але суддзі пачалі адмаўляцца разбіраць справы, дзе пратаколы складзены з памылкамі і “пад капірку”.
Так, віцебская актывістка БХД Таццяна Свярынец даведалася з пратакола, што яна “агітавала за байкот выбараў” падчас збору подпісаў, і што прыйшла туды з плакатамі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Суддзя райсуду Чыгуначнага раёну Дзяніс Аляксеенка адмовіўся разбіраць справу з недакладнымі пратаколамі, якія склаў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Першамайскага раёна Вадзім Склімянок. Суд перанесены на неакрэслены тэрмін, распавяла Таццяна Севярынец:
– Суддзя нарэшце прыслухаўся і запатрабаваў удакладненняў у пратаколе! Я не заклікала да байкоту, гэтага не было. Мне прыпісалі і нейкія плакаты, я была імі абвешаная, ці што? Ну, карацей: калі яны ўжо хочуць нам нешта прыпісаць, то каб хаця б дакладнасці нейкія былі!
Суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук таксама адмовілася разбіраць справу з недакладнасцямі ў пратаколе, і працэс над Таццянай Філімонавай, якая 7-га чэрвеня прыйшла падпісацца за незалежных кандыдатаў, таксама быў перанесены.
Беспрэцэдэнтны выпадак адбыўся ў Наваполацкім судзе: затрыманага 20-га чэрвеня Дзмітрыя Рыжычэнку не сталі судзіць і выпусцілі з-пад варты . Але толькі дзеля таго, каб ён асабіста прадаставіў міліцыянтам доказы супраць самога сябе –што ён распаўсюджваў у сацыяльных сетках заклікі на “ланцуг салідарнасці” 19-га чэрвеня, распавяла яго маці, вядомая наваполацкая актывістка Вольга Дамаскіна:
– Калі яго выпусцілі, то сын распавёў, што міліцыянт, які яго апытваў, кажа: “Давай зойдзем на тваю старонку “Вконтакте” і раздрукуем гэты заклік. А калі дома не зможаш гэтага зрабіць, то прыйдзі да нас, мы тут табе дапаможам”. Дык што – чалавек мусіць сам супраць сябе збіраць доказы?
Вядома, не ўсе суддзі праяўляюць прынцыповасць, калі справа тычыцца хаця б парадку афармлення дакументаў. Прыклад – суддзя Алена Цыганкова з суду Чыгуначнага раёна Віцебска. Яна штрафуе і садзіць на “суткі” актывістаў, не зважаючы на недарэчнасці ў пратаколах.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск