Віцебскія ўлады адмовіліся ад будаўніцтва ў гістарычнай зоне?



На ўзбярэжжы Дзвіны, на месцы колішняга Ніжняга замка, дзе будаваць нешта забаронена заканадаўствам, віцебскія чыноўнікі сабраліся ўзводзіць новы Палац шлюбаў.

Ідэя з палацам з’явілася яшчэ тры гады таму, і ўвесь гэты час гараджане пісалі калектыўныя лісты да ўладаў, скардзіліся ў пракуратуру і ў Следчы камітэт на непаважлівае стаўленне да гістарычнай спадчыны, а таксама на марнаванне сродкаў, бо гэта аб’ект далёка не надзённай важнасці. Жарсці вакол будаўніцтва разгарэліся з новай сілай пасля таго, як па віцебскім тэлебачанні паказалі сюжэт пра новыя аб’екты, на якія будуць выдаткаваны сродкі да абласных «Дажынак» 2020-га году. Група актывістаў запісалася на прыём да старшыні гарсавету Уладзіміра Бялевіча. Але ўдзельніца размовы Таццяна Севярынец была вельмі здзіўлена пачутым:

– Адразу сказаў Бялевіч:“Адкуль вы ўзялі, што ён будзе пабудаваны?” Што тычыцца нават дзяржаўнага тэлебачання, якое ёсць рупарам гарвыканкаму і гарсавету, то ён гэтыя звесткі аспрэчыў. Сказаў, што як чалавек ён таксама супраць будаўніцтва Палацу шлюбаў, таму што зараз гэта немэтазгодна.

Але яшчэ два гады таму пазіцыя Бялевіча была супрацьлеглая: ён цвердзіў, што новы Палац шлюбаў неабходны. Чаму цяпер улады адмаўляюцца ад ранейшых намераў і ад уласных словаў, разважае Таццяна Севярынец:

– Вось такая рэакцыя, кшталту “гэта ж яшчэ не зацверджана”, выклікана тым, што яны не чакалі, што такі аб’ект, як Палац шлюбаў, выкліча абурэнне ў людзей. Гарсавет і гарвыканкам забываюць, што яны слугі народа, і вось народ нагадаў пра сваё права выказваць пратэст.

З пратэстамі жыхароў віцебскім уладам ужо даводзілася мець справу. Тры гады таму ў абласным цэнтры збіраліся збудаваць копію полацкага Сафійскага сабору, знішчыўшы дзеля гэтага частку гарадскога парку. Жыхары ўзбунтаваліся, напісалі сотні лістоў у розныя інстанцыі, ладзілі акцыі на месцы будаўніцтва. І здолелі пераканаць аблвыканкам, што яшчэ адзін праваслаўны храм гараджанам не патрэбны, і што ён мае ўсе шанцы ператварыцца ў бестэрміновы “доўгабуд” у цяперашняй складанай эканамічнай сітуацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск