Віцебскія ўлады адмовіліся ад шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц



Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын не падтрымаў прапанову грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва”, каб на шыльдах у гістарычным цэнтры Віцебску іх былі пазначаны і сучасныя, і гістарычныя назовы вуліц.

У адказ на калектыўны зварот, які падпісалі больш за тысячу чалавек, чыноўнік даслаў адмову з двума аргументамі: няма грошай і “гэта можа прынесці пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей гораду”. Абодва аргументы надуманыя, лічыць намеснік кіраўніка “Альтэрнатывы”, жыхар Віцебску Аляксандр Корнышаў:

– Адказ, натуральна, быў такі, што грошай няма. Але мы іх і не прасілі. Мы нават самі хацелі збіраць сродкі. А тое, што гэта будзе замінаць жыхарам і турыстам – гэта адгаворкі, каб не рабіць ніякіх актыўных дзеянняў. Гэта ўсё адмазкі, адпіскі, мы гэта выдатна разумеем. І будзем абскарджваць, бо яны – ні пра што.

Паводле Аляксандра Корнышава, шыльды прапаноўвалі ўсталёўваць ні на кожным доме, а ў пачатку 14-ці цэнтральных вуліц і на скрыжаваннях. Для турыстаў, а тым больш для віцяблян гэта не мела б аніякіх кепскіх наступстваў, лічыць Таццяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэнні БХД. Два гады таму яна таксама звярталася да ўладаў з падобнай просьбай, і нават сабрала інфармацыю пра перайменаванні вуліц, якія цяпер носяць імёны Суворава, Кірава, Урыцкага, камісара Крылова…

– Я шчыра спадзявалася, што гэта зацікавіць гарадскія службы.Мы занеслі гэта ў гарвыканкам, каб яны нам адказалі. Яны і адказалі: “дзякуй. Будзем мець на ўвазе”.Усё! Вось гэты “рускі мір” для віцебскіх уладаў чамусьці больш важны, чым свая беларуская ідэя!

Упартасць віцебскіх уладаў Тацяна Севярынец тлумачыць яшчэ і тым, што ў гарвыканкаме працуюць выпадковыя людзі, якіх не цікавіць лёс гораду. Прыкладам, у Гародні шыльды з гістарычнымі і сучаснымі назвамі вуліц з’явіліся яшчэ ў 2017-м годзе, і гэта не замінае ні мясцовым, ні турыстам.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя