Віцебскія ўлады не адмаўляюцца ўсталяваць у горадзе помнік Аляксандру Неўскаму



У Віцебску паставяць помнік Аляксандру Неўскаму, нягледзячы на пратэсты грамадскасці. Паведамленне пра гэта з’явілася на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму — у якасьці адказаў на звароты грамадзян. Жыхары Віцебска негатыўна ўспрынялі саму ідэю ўсталявання ў Віцебску помніка. Гараджане аргументавалі сваю нязгоду тым, што гэтая асоба мае вельмі ўскоснае дачыненне да тутэйшай гісторыі. У сваю чаргу прапануецца ўсталяваць помнікі іншым выбітным ў гісторыі горада асобам, такім як Вітаўт, Быкаў ці Барадулін, – адзначае сябра БХД Таццяна Севярынец.

– Яны пішуць, што пры Вітаўце колькі разоў Віцебск разбураўся, і г.д., колькі разоў ён яго паліў. Ладна Вітаўт. Няхай бы Быкаву паставілі. Няхай бы існуючую вуліцу, пажадана ў цэнтры, назвалі у гонар Барадуліна. Было б файна. Але ж не. Зараз Неўскага прылепяць.

Ад імя аддзелу па ідэалагічнай працы, культуры і справах моладзі гараджанам паведамілі наступнае: «У Віцебску сапраўды плануецца ўзвядзенне помніка вядомаму князю і палкаводцу Аляксандру Неўскаму. Гэта будзе скульптурная кампазіцыя, якая адлюстроўвае рэальны гістарычны факт — сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княжага дому Аляксандрай і сынам Васілём. Таму называць мемарыяльны аб’ект помнікам выключна Аляксандру Неўскаму і вызначаць яго як „негістарычны“ нельга,” – лічаць чыноўнікі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя