Віцебскія валанцёры шукаюць марлю і краўчых



Толькі пасля візіту ў Віцебск міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў прапанаваў наладзіць уласную вытворчасць медычнага спецадзення. Шэраговыя віцябляне тым часам збіралі грошы і набывалі сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў, распавяла  валанцёрка Ірына Траццякова:

– Людзі хадзілі па аптэках, нешта набывалі, і так разам сабралі першую перадачу для віцебскай абласной клінічнай лякарні. Гэта антысэптыкі, маскі, пальчаткі, бахілы, шапачкі – тыя аднаразовыя рэчы, якія разыходзяцца вельмі хутка, і якіх, па сутнасці, бракуе ў лякарнях.

Самым актуальным сродкам абароны супраць каронавіруса застаюцца маскі: аптэкі дагэтуль не забяспечваюць патрэбаў насельніцтва. Віцебскія валанцёры абвясцілі, што шукаюць краўчых, гатовых бясплатна пашыць маскі, а таксама тых, хто гатовы перадаць лішкі марлі. Яе пастаўлялі ў аптэкі з Расеі, а цяпер пастаўкі спыніліся.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск