Віцебскую адміністратарку тэлеграм-чату “Страна для жизни” будуць судзіць



Супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёну прыехалі дахаты да Юліі Барсуковай і аддалі ёй пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

Як паведаміла спадарыня Юлія, яе вінавацяць у закліках на несанкцыянаваную акцыю:

– Нібыта я заклікала ў горадзе Воршы. Я зачытаю: “што было выражана ў размяшэнні ў кампутарнай сетцы інтэрнэт у тэлеграм-канале “Страна для жизни.Чат” закліка на масавыя мерапрыемствы кожную нядзелю да 12.00 каля помніка Леніну”. Сказалі, што скрыншоты і ўсё такое ў іх ёсць.

Паводле міліцыянтаў, суд мае адбыцца 29-га траўня, але Юліі Барсуковай сказалі дадаткова чакаць позву. На мінулым тыдні яе  выклікалі ў пракуратуру і афіцыйна папярэдзілі пра недапушчальнасць  парушэння заканадаўства шляхам размяшчэння ў інтэрнэце заклікаў на несанкцыянаваныя імпрэзы. Тады прэтэнзіі былі да спавяшчэння пра падзеі ў Гомлі, дзе затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Юлія Барсукова абскардзіла пракурорскае папярэджанне.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск