Віцебскую незалежную журналістку аштрафавалі на 870 рублёў
У судзе Першамайскага раённага суда Віцебска разбіралі адміністрацыйную справу Алены Шабуні – журналісткі, на якую склалі пратакол пра правапарушэнне пастаўскія міліцыянты.
Падставай для пратаколу стаў відэасюжэт пра закрыццё прыватнай трэнажорнай залы ў Паставах, гаспадара якой пакаралі за грамадскую актыўнасць. Хаця афіцыйнай падставай абвясцілі парушэнне супрацьпажарнай бяспекі, кажа Алена Шабуня:
– Гаспадар клуба Пахомчык Віталь неаднаразова выходзіў на мірныя пратэсты. Ён разумеў, што рызыкуе сваім бізнесам. Клуб працаваў вельмі спраўна 6 гадоў, але нашлі да чаго дачапіцца: на адным плакаціку не быў пазначаны квадрацікам выхад, на другім не было нумару 101. Тут адна хвіліна, і яно выпраўлена б было!
Прысутны на судовы працэсе калега Алены Шабуні, журналіст Зміцер Казакевіч, звярнуў увагу на тое, што пратаколы міліцыя складае па адным узоры – што ў Віцебску, што ў Паставах:
– Сказана “злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста”. Не ўяўляю, што гэта такое! Колькі судоў было, і ніводзін суддзя нам гэта так і не патлумачыў. І думаю, ёсць нейкія рэкамендацыі, як складаць такія пратаколы.
Паводле практычна аднолькавых пратаколаў журналістам прысуджаюць і аднолькавыя штрафы. Суддзя Вераніка Барысава аштрафавала Алену Шабуню на 30 базавых велічынь, што складае 870 рублёў. Днямі яе калега Зміцер Казакевіч быў аштрафаваны двойчы на такую самую суму – таксама ў судзе Першамайскага раёна Віцебска.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск