Віцябляне хочуць прыбраць выраз “савецкі народ” з плошчы Перамогі
Жыхары Віцебску накіравалі зварот у гарвыканкам, каб замяніць надпіс “Подвиг советского народа бессмертен» на доме №8 па Маскоўскім праспекце на «Подзвіг беларускага народу несмяротны». Улады адмовілі.
Паводле намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Глушына, дом №8 з’яўляецца часткай ансамблю плошчы Перамогі. На думку прадстаўніка ўладаў, светадыёдны надпіс на даху шматпавярховіка “цалкам адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, і яго змяненне немэтазгоднае”. Бо “вялікая Перамога – гэта найважнейшая духоўная каштоўнасць, маральны арыентыр для ўсіх пасляваенных пакаленняў, якія выхоўваюцца на ідэалах сяброўства, братэрства і добрасуседства, ” – гаворыцца ў адказе віцяблянам.
Больш за паўсотні гараджанаў, якія падпісалі зварот, маюць супрацьлеглае меркаванне: яны лічаць, што савецкія ідэалагічныя штампы безнадзейна састарэлі і ўжо не маюць аніякага выхаваўчага ўздзеяння. Тым болей, што й сам сучасны выгляд плошчы Перамогі катэгарычна не падабаецца многім віцяблянам. Падчас рэканструкцыі, ініцыяванай у 2009 годзе тагачасным старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам, тут былі знішчаны ўсе дрэвы, клумбы і альпійскія горкі. Цяпер гэтая тэрыторыя ўяўляе сабой пустую забрукаваную пляцоўку памерам паўгектара.
Пасля рэканструкцыі плошчы пад вокнамі даму №8 усталявалі сцэну, і некалькі разоў на год тут праводзяць розныя мерапрыемствы, у тым ліку начныя канцэрты. Спалучэнне забаўляльных імпрэзаў і сімвалаў жалобы па загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхары Віцебску лічаць блюзнерствам. І лозунг з савецкай мінуўшчыны толькі дадае негатыву, лічаць прыхільнікі перамен.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя