Віцябляне ладзяць жалобныя акцыі па Раману Бандарэнку



Каля 25-ці чалавек сабраліся апоўдні каля кафедральнага касцёла. Людзі прыйшлі з кветкамі, свечкамі, сталі ланцугом уздоўж касцёльнай агароджы.

Але міліцыянты, якія дзяжурылі непадалёк ад самай раніцы, пачалі разганяць людзей, распавяла ўдзельніца акцыі спадарыня Таццяна:

-Людзі трымалі свечкі у руках, і тут пад’ехаў міліцэйскі “бусік”, выйшлі двое міліцыянтаў і заявілі нам, што мы не католікі. Маўляў, яны ведаюць, як выглядаюць католікі, і мы не католікі. Загадалі ці разыходзіцца, ці йсці ўнутр касцёла. Мы пайшлі ў касцёл, пабылі там колькі часу і вырашылі разыходзіцца, па два-тры чалавекі.

 Людзі пачалі збірацца каля помніка загінулым “афганцам” на скрыжаванні вуліц Чкалава і Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Там ужо ляжалі кветкі і стаялі фотаздымкі Рамана Бандарэнкі, я таксама Аляксандра Тарайкоўскага – першай ахвяры міліцэйскага гвалту падчас мірных пратэстаў. Людзі не казалі прамоваў, моўчкі падыходзілі і ўскладалі кветкі, распавяла  спадарыня Вольга, якая таксама прыйшла аддаць даніну памяці  Раману Бандарэнку:

-Падышлі, усклалі кветкі. Там ужо ляжалі кветкі і гарэлі знічкі. Прамоваў ніхто не казаў, бо гэта той выпадак, калі ўсё зразумела без словаў. Мы аддаем даніну памяці чалавеку, які загінуў за беларускі народ. І хочацца, каб гэты народ усё-ткі зразумеў, што ён – народ!

На прыпынках грамадскага транспарту неабыякавыя гараджане размясцілі ўлёткі з інфармацыяй пра Рамана Бандарэнку ды іншых жыхароў Беларусі, чые гвалтоўныя смерці звязваюць з рэпрэсіямі ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў. Таксама некаторыя гараджане зладзілі флэшмоб: размясцілі ў сацыяльных сетках свае фотаздымкі з самаробнымі плакатамі “Я – Раман Бандарэнка”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск