Віцябляне супраць продажу алкаголю ў зоне адпачынку



У Віцебску збіраюць подпісы пад петыцыяй супраць гандлю алкаголем на разліў у зоне адпачынку ўздоўж рэчкі Віцьба. Такі крок меў поспех у 2014-м годзе, калі ў адказ на падобную петыцыю продаж алкаголю быў забаронены. У 2015-м годзе ў летніх кавярнях на беразе Віцьбы дазволілі гандляваць півам, а сёлета там прадаюцца і моцныя алкагольныя напоі.

Складальнік петыцыі Яўген Крыскевіч дзеліцца сваім меркаваннем, чаму забарона больш не дзейнічае:

– Парк павінны быць для здаровага адпачынку, для заняткаў спортам. Навошта з аднаго боку, нам прапануюць здаровы лад жыцця, а з другога – шклянку гарэлкі ды цыгарэту ў руку! Найперш думаюць пра грошы. Пра ўсё астатняе – гэта ўжо потым.

Зона адпачынку ўздоўж Віцьбы – гэта адно з улюбёных месцаў для аматараў актыўнага адпачынку. Тут катаюцца на роварах і ролікавых каньках, займаюцца на трэнажорах, ладзяць спаборніцтвы па валейболе і пляжным футболе, арэндуюць катамараны.

За 5 дзён пад петыцыяй, якая будзе накіравана старшыню гарвыканкаму, падпісаліся больш за 350 чалавек. Да слова, адна з вулічных кавярняў, дзе моцны алкаголь прадаюць на разліў, належыць спартовай установе “Футбольны клуб “Віцебск”.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя