Віцябляніна судзяць за гвалт у дачыненні да службовай асобы



Гэта першы на Віцебшчыне суд па крымінальнай справе, пачатай паволе часткі 1 артыкула  366 КК. Падсудны – Андрэй Цімафеенка, рамеснік, майстар вырабаў з дрэва.

Справу  супраць яго пачалі ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёна, хаця вінавацяць Цімафеенку за гвалт у дачыненні да супрацоўніка ўнутраных войскаў, распавяла сяброўка сям’і падсуднага, спадарыня Таццяна:

-Перад намі вывелі шыхт вайскоўцаў, і яны не давалі нашай калоне прайсці на плошчу Перамогі. Андрэй хацеў абыйсці, і да яго падыйшлі двое вайскоўцаў. У гэты час некага схапілі, ён гэта заўважыў і адштурхнуў вайскоўца. Напісалі, што ён прычыніў яму фізічны боль. Левай рукой, не кулаком ні ў якім выпадку, проста даланёй.  

Падзеі, якія сталі грунтам для  крымінальнай  справы, адбыліся яшчэ 6-га верасня. У той дзень у Віцебску было некалькі сутычак з міліцыянтамі, і супрацоўнікі міліцыі ўпершыню ўжылі супраць мірных грамадзянаў слезацечны газ.  Вядома, што за гвалт супраць міліцыянтаў або вайскоўцаў паводле падзеяў таго дня, распачата адразу некалькі крымінальных справаў. І сёння  цяжка прадказваць іх вынікі, кажа праваабаронца Ірына Траццякова:

-Крымiнальныя справы зараз палітычна матываваныя, i таму казаць зараз, чым скончыцца працэс, сыходзячы з цяжкасцi нанесенага ўрону, грамадскай шкоды цi небяспекi i гэтак далей, мы не можам абсалютна. Каб гэта было да 9-га жнiуня, то мы б абапiралiся на працэсуальны кодэкс, крымінальны кодэкс i здаровы сэнс. А цяпер на гэта абапiрацца немагчыма.

У  першы дзень разбiральнiцтва суд скончыўся вельмі хутка, бо была занятая адвакатка, якая бароніць падсуднага. Скарыстацца паслугамі дзяржаўнага бясплатнага адваката  Цімафеенка не пагадзіўся, і суддзя Сняжана Кiндзеева абвясціла перапынак да 27-га лiстапада.  Андрэя Цiмафеенку зноўку адвезлі ў следчы iзалятар, дзе яго трымаюць пад вартай з 30-га верасня. Змянiць меру стрымання на хатні арышт або вызваленне пад заклад органы міліцыі і пракуратуры не пагадзiлiся.

Беларускае Радыё Рацыя, Вiцебск