Візавы рух: агульная інфармацыя пра правілы перасячэння польска-беларускай мяжы



Візавы рэжым, паводле польскага заканадаўства, з’яўляецца асноўным відам дазволу на ўезд у краіну. Каб атрымаць візу, іншаземец мусіць звярнуцца ў польскую консульскую ўстанову за мяжой. Пры гэтым ён павінен быць гатовы прадаставіць асабістыя дадзеныя, назваць патрэбны яму тэрмін знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і мэту візіту. Консул пацвердзіць атрыманне заявы ад іншаземца з просьбай атрымання візы адпаведным штампам у пашпарце. У залежнасці ад тыпу візы і тэрміну дзеяння візавы збор складае ад 10 да 80 еўра. У выпадку, калі консул адмовіць у выдачы візы, аплочаны консульскі збор іншаземцу не вяртаецца. У звязку з уступленнем Польшчы ў Еўрапейскі звяз зноў быў уведзены візавы рэжым з Беларуссю, Расеяй і Украінай. Дзякуючы карыснай дамове, якая была падпісана з Украінай, грамадзяне гэтай краіны не мусяць плаціць візавы збор.

У пашпарце заяўніка, вядома, калі консульская ўстанова дасць згоду на ўезд і пражыванне, могуць быць наступныя візы:

• аэрапортная,

• транзітная,

• уязная з мэтай:

– рэпатрыяцыі, – перасялення як чальца бліжэйшых сваякоў рэпатрыянта, – выкарыстання дазволу на жыхарства на акрэслены тэрмін або дазволу на сталае жыхарства;

• побытавая з мэтай:

– турызму, – экскурсіі, – удзелу ў спартыўных мерапрыемствах, – бізнесу, – культурнай дзейнасці ці ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях, – выканання службовых абавязкаў, а таксама паўнамоцтваў замежнай дзяржавы і міжнародных арганізацый, – удзелу ў пытаннях атрымання прытулку, – выканання працы, – часовай абароны, – адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі або навучання – за выключэннем працы, якая аплачваецца;

• дыпламатычная,

• службовая,

• кур’ерская.

Уязная побытавая віза можа быць:

кароткатэрміновая – максімальны тэрмін знаходжання ў Польшчы складае тры месяцы на працягу шасці месяцаў з даты першага ўезду,

доўгатэрміновая – да аднаго года на працягу ўсяго тэрміну дзеяння візы.

Перыяд дзеяння доўгатэрміновай візы можа быць да пяці гадоў.

Падрабязныя правілы ўезду, знаходжання і жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ёсць у Законе ад 13 чэрвеня 2003 года аб іншаземцах (Dz. U. Nr 128, poz. 1175).

Кампетэнтны орган, які выдае візу, у дакуменце пазначыць: перыяд дзеяння візы, дзе акрэслены магчымы ўезд на тэрыторыю краіны і выезд, тэрмін знаходжання іншаземца ў перыяд дзеяння візы, а таксама мэту ўезду і знаходжання ў Польшчы.

Калі мэта ўезду і знаходжання ў Польшчы – гэта ўладкаванне на працу ці выкананне работ, якія будуць аплачвацца, то ў выдачы візы дзейнічае іншы парадак. (Больш падрабязная інфармацыю пра занятасць іншаземцаў будзе ў гэтым жа матэрыяле, але ніжэй)

Фінансавыя сродкі для побыту ў Польшчы

Сама віза ў пашпарце іншаземца яшчэ не дае гарантыі на ўезд у Рэспубліку Польшча. Вельмі важная рэч, якой безумоўна будуць цікавіцца памежныя службы, – гэта магчымасць фінансавага забеспячэння ў час знаходжання ў краіне.

Іншаземец па просьбе супрацоўнікаў пагранічных службаў павінен паказаць неабходныя сродкі, каб пакрыць выдаткі на ўезд, знаходжанне і выезд з краіны. Гэта могуць быць наяўныя грошы ў польскай валюце (у польскіх злотых) або ў іншай валюце, якую можна будзе абмяняць. Права на ўезд дае таксама дзеючая крэдытная карта або турыстычны чэк. Гэта можа быць і пасведчанне, якое пацверджана пячаткай і подпісам упаўнаважанага працаўніка банка, пра наяўнасць адпаведных фінансавых сродкаў у банку, які мае офіс на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Такое пасведчанне павінна быць выдадзена іншаземцу не пазней чым за адзін месяц да даты перасячэння мяжы.

Суму, якую павінен мець іншаземец, уязджаючы на тэрыторыю Рэспублікі Польшча, і дакументы, якія могуць пацвердзіць наяўнасць гэтых грашовых сродкаў, а таксама мэту перасячэння мяжы рэгулюе Распараджэнне Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі ад 29 верасня 2003 года (Dz. U. Nr 178, poz.1748).

На кожны дзень знаходжання ў Польшчы іншаземец мусіць мець эквівалент 100 злотых, а дзіця да 16 гадоў – 50 злотых. Калі працягласць знаходжання не перавышае трох дзён, то трэба мець эквівалент 300 і 150 злотых адпаведна. Памежныя службы будуць правяраць, ці падарожнік, які перасякае мяжу, у стане пакрыць выдаткі па выкарыстанні аўтамабіля, на якім будзе рухацца па польскіх дарогах.

Памежныя службы не будуць строга патрабаваць ад іншаземца пацверджання, што той дастаткова мае грашовых сродкаў у тым выпадку, калі ён з’яўляецца чальцом арганізаванай турыстычнай паездкі ці моладзевага лагера, едзе як спартовец на спартыўныя спаборніцтвы ці на лячэнне або ў санаторый. Аднак у такім выпадку супрацоўнік памежных службаў можа папрасіць прадаставіць дакументы, якія б пацвердзілі ўдзел іншаземца ў падобных мерапрыемствах, а таксама пацверджанне аплаты выдаткаў, звязаных з яго побытам у Польшчы або знаходжаннем у медыцынскай установе ці санаторыі. У такіх дакументах павінны быць: дакладныя дадзеныя таго, кім яны выстаўленыя; дадзеныя арганізатара турыстычных паслуг; тэрмін і месца побыту іншаземца; даклады маршрут паездкі ці экскурсіі; імя і прозвішча асобы, якая з’яўляецца яе ўдзельнікам; пацверджанне аплаты выдаткаў на турыстычныя паслугі.

Удзельнікі турыстычных экскурсій, моладзевых лагераў, спартыўных спаборніцтваў ці медыцынскіх устаноў і санаторыяў мусяць мець эквівалент 20 злотых на кожны дзень знаходжання, але не менш за 100 злотых.

Дакументам, які пацвярджае магчымасць знаходжання іншаземца ў Польшчы, з’яўляецца запрашэнне, выдадзенае яму польскім грамадзянінам, які пражывае ў краіне, ці іншаземцам, які законна пражывае ў Польшчы не менш за пяць гадоў да выдачы такога запрашэння. Памежныя службы прызнаюць толькі арыгінал запрашэння, якое павінна быць надрукавана на афіцыйнай паперы і зарэгістравана ў рэестры запрашэнняў, які вядзе ваявода. І тут трэба ўзяць пад увагу тое, дзе пражывае асоба, якая робіць запрашэнне. Бо ад гэтага залежыць, да якога ваяводы трэба звяртацца, каб зарэгістраваць сваё запрашэнне. Ваявода можа адмовіць у рэгістрацыі запрашэння, калі асоба ці інстытуцыя, якая запрашае іншаземца, не ў стане пацвердзіць, што мае сродкі на пакрыццё ўсіх коштаў, звязаных з побытам іншаземца на тэрыторыі Польшчы (у тым ліку выдаткі на лячэнне), ці адмаўляецца браць на сябе такі абавязак.

Запрасіць іншаземца можа таксама юрыдычная асоба ці арганізацыя (напрыклад, урадавая ўстанова, орган мясцовага самакіравання, вышэйшая навучальная ўстанова).

Беларускае Радыё Рацыя