Візавыя цэнтры Польшчы адкрыліся яшчэ ў чатырох гарадах Беларусі



Візавыя цэнтры Польшчы адкрыліся яшчэ ў чатырох гарадах Беларусі: Пінску і Баранавічах (Берасцейская вобласць), Лідзе (Гарадзенская вобласць), Магілёве.

Віза

Першыя чатыры, нагадаем, пачалі працу 1 сакавіка ў Менску, Брэсце, Гродне і Гомелі.

Такім чынам, цяпер у Беларусі восем польскіх візавых цэнтраў.

Варта адзначыць, што 18 сакавіка мінскі візавы цэнтр пераехаў па новым адрасе: у гандлёвы цэнтр „Галілеа” на вуліцы Бабруйская, 6, каля чыгуначнага вакзала.

Як паведаміў 25 лютага на прэс-канферэнцыі часовы павераны ў справах Польшчы Міхал Хабрас, польскія візавыя цэнтры здольныя прымаць да двух тысяч заяў у дзень. Кошт збору за паслугі цэнтра складае 15 еўра ў эквіваленце, збор бярэцца ў беларускіх рублях.

„Адкрыццё візавых цэнтраў значна аблегчыць працэс атрымання польскай візы для грамадзян Беларусі, — сказаў Хабрас. — Гэта дасць магчымасць павысіць якасць абслугоўвання, візы стануць больш даступнымі для беларусаў”.

Ён падкрэсліў, што з пачаткам працы візавых цэнтраў беларусы змогуць вырашаць, як ім падаваць заяву на візу — самастойна ў консульства Польшчы або праз візавы цэнтр.

belapan.by