Вобшук дома ў галоўнага рэдактара „Нашай Нівы” Ягора Марціновіча скончыўся, ён затрыманы
Вобшук дома ў галоўнага рэдактара „Нашай Нівы” Ягора Марціновіча скончыўся. Яго вывелі з дома двое сілавікоў.
На відэазапісе, які размясціў тэлеграм-канал „Еўрарадыё”, відаць, што ў Марціновіча рукі скаваныя за спінай.
Раней жонка Марціновіча журналістка Адар’я Гуштын паведаміла ў „Фэйсбуку”, што ў іх кватэры ідзе вобшук. „Сваякоў з кватэры выгналі. Па якой справе праводзяцца аператыўныя дзеянні, па-ранейшаму невядома”, — напісала яна.
Сайт „Нашай Нівы” перастаў адкрывацца раніцай 8 ліпеня.
Рэдакцыя паведаміла, што ў офісе і ў бухгалтэрыі праходзяць вобшукі. Таксама вобшукі праходзяць дома ў рэдактара „Нашай Нівы” Андрэя Скурко. „Няма сувязі з шэф-рэдактарам выдання Андрэем Дынько, магчыма, ён таксама затрыманы”, — адзначалася ў паведамленні.
Частка супрацоўнікаў рэдакцыі ў гэты час знаходзяцца не ў Беларусі.
Атрымаць аператыўны каментар у сілавых органах БелаПАН не ўдалося.
Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава не адказвае на тэлефанаванні.
Тэлефон афіцыйнага прадстаўніка КДБ Андрэя Яраша адключаны.
Афіцыйны прадстаўнік КДК Кірыл Данілаў сказаў БелаПАН, што ў яго няма ніякай інфармацыі аб сітуацыі з „Нашай Нівай”.
Афіцыйны прадстаўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Юрый Кардымон у адпачынку, яго тэлефон адключаны.
Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прыняло рашэнне аб блакаванні сайта nn.by „на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.