Вобшук у берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна



У Берасці ў мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна адбыўся вобшук.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, 30 жніўня прыблізна ў 8.30 супрацоўнікі АМАПа праніклі ў кватэру блогера і паклалі яго на падлогу. Пасля гэтага Пятрухіну заявілі, што ў яго кватэры будзе праведзены вобшук. Тэлефон блогера адключылі.

„Я мяркую, што вобшук праводзіцца ў межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да Пятрухіна. Наколькі мне вядома, гэта справа па ч. 2 арт. 188 і ч. 2 арт. 189 КК (паклёп у публічным выступленні альбо ў друкаваным творы; абраза ў публічным выступленні альбо ў друкаваным творы.  БелаПАН.)”, — сказаў праваабаронца.

Ён нагадаў, што раней мясцовых блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія ў сваім youtube-праекце „Народны рэпарцёр” асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, ужо неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку па арт. 23.34 КоАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства).

БелаПАН