Вобшук у кватэры Алеся Бяляцкага доўжыўся тры гадзіны



Падчас вобшуку ў кватэры старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, які доўжыўся прыблізна тры гадзіны, канфіскаваныя ноўтбук, мабільны тэлефон і нататнікі з запісамі. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН.

Бяляцкі не затрыманы, ніякага працэсуальнага статусу не мае.

Ён паведаміў, што вобшук праведзены ў межах расследавання справы паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) з мэтай высвятлення абставін фінансавання пратэстнай дзейнасці. „Пры вобшуку шукалі матэрыялы, якія б сведчылі пра фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”, — адзначыў праваабаронца.

На думку Бяляцкага, яго, верагодна, яшчэ выклічуць у Следчы камітэт. „Са слоў следчых я зразумеў, што створаная змешаная следчая група, у якой ёсць аператыўнікі як з Менска, так і з іншых гарадоў. Яны і праводзяць усе гэтыя следчыя вобшукі”, — дадаў ён.

Праваабаронца таксама паведаміў, што ў офісе „Вясны” на вуліцы Мяржынскага ў Менску вобшук усё яшчэ доўжыцца.

16 лютага па ўсёй Беларусі адбыліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў. Так, вобшукі былі праведзеныя ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах краіны.

Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праходзяць у межах расследавання справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). „У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставін фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай”, — гаварылася ў паведамленні.

belapan.by