Вобшук у офісе прафсаюза РЭП доўжыўся каля пяці гадзін



16 лютага ў цэнтральным офісе незалежнага прафсаюза РЭП у Менску прайшоў вобшук, які доўжыўся ад 13-й да 18-й гадзіны.

З офіса забралі тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя матэрыялы, асабістыя грошы, паведаміў пасля вобшуку ў „Фэйсбуку” старшыня прафсаюза РЭП Васіль Завадскі.

„Непрыемным сюрпрызам апынулася „знаходка” паляўнічага патрона ў канапе на кухні, — напісаў Завадскі. — Хто наведваў наш офісе, ведае, колькі людзей там пабывала, але, вядома, патрон у канапе — гэта дакладна правакацыя”.

Ён расцэньвае дзеянні сілавікоў як „чарговую спробу задушыць” незалежны прафсаюз РЭП.

Тэлеграм-канал прафсаюза паведамляе, што затрыманы прававы інспектар прафсаюза, праваабаронца з Брэста Уладзімір Малей, які нядаўна адзначыў 70-годдзе.

Раней паведамлялася аб правядзенні вобшукаў у кватэрах лідара прафсаюза Генадзя Фядыніча, членаў РЭП Ігара Комліка і яго сына Андрэя Комліка-Ямаціна.

16 лютага па ўсёй Беларусі адбыліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў. Так, вобшукі былі праведзеныя ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, а таксама ў рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах краіны.

Следчы камітэт паведаміў, што вобшукі праходзяць у межах расследавання справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). „У рамках папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення абставін фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай”, — гаварылася ў паведамленні.

Тое, што адбываецца, асудзілі ў Савеце Еўропы, Еўразвязе, арганізацыі „Міжнародная амністыя”, беларускія праваабарончыя арганізацыі, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і іншыя арганізацыі.

БелаПАН