Вобшук у пінскага грамадскага актывіста (абноўлена)
Ціск напярэдадні 1-га траўня. У Пінску ў грамадскага актывіста Ігара Салаўя праваахоўнікі часова канфіскавалі ноўтбук і сістэмны блок кампутара для праверкі на наяўнасць літаратуры, датычнай 1-га траўня. У міліцыю паступіў ананімны сігнал, што грамадзянін Салавей у сваёй кватэры вырабляе палітычныя ўлёткі.
Актывіст распавёў, што агляд кватэры зрабілі з санкцыі пракуратуры:
– Яны паказалі санкцыю пракуратуры, што нібыта ў мяне на кватэры я раблю ўлёткі з заклікам прыйсці на першае траўня на акцыю дармаедаў у Пінску. Хаця я гэтага не раблю. Увогуле пра гэтую акцыю, ці яна адбудзецца, ці не адбудзецца, я не чуў. Магчыма, што ўлётак увогуле ніякіх няма, бо ад сваіх сяброў, сваякоў нічога пра такое я не чуў.
Ігар Салавей адзін з 12-ці пінчукоў, якія панеслі адміністратыўнае пакаранне за ўдзел у акцыі 26-га сакавіка. Тады на пінскую плошчу выйшла каля 60 чалавек, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі на Дзень Волі і супраць Дыкрэта №3.
***
На ўдзельнікаў акцыі супраць дэкрэта №3 аказваецца ціск. У кватэры грамадскага актывсіта Ігара Салаўя ў Пінску праводзіцца вобшук. Пра гэта паведамляе наш карэспандэнт:
Ігар Салавей
– А 13-й гадзіне да пінскага актывіста Ігара Салаўя наведаліся тры міліцыянты, якія прад’явілі санкцыю на вобшук. У ёй пазначана, што вобшук ладзіцца для таго, каб выявіць любыя матэрыялы, агітацыйную прадукцыю звязаную з 1 траўня. Таксама праваахоўнікі паведамілі, што ў Пінску з’явіліся нейкія ўлёткі, якія заклікаюць на акцыю на цэнтральную плошчу Пінска 1-га траўня. Гэта стала нагодай, каб правесці вобшук менавіта ў грамадскага актывіста Ігара Салаўя. Вядома, што Ігар Салавей адзін з фігурантаў справы за пінскую плошчу 26 сакавіка, калі людзі выйшлі супраць дыкрэта №3 і ў знак салідарнасці з затрыманымі на Дзень Волі. Не выключана, што на ўсіх тых дванаццаць чалавек, якія ўжо трапілі пад рэпрэсіі, будзе зноў нейкім чынам ажыццяўляцца ціск. Ніхто гэтыя ўлёткі з актывістаў не бачыў, іх не было. Таму магчыма, што гэта проста правакацыя, падстава для таго, каб зноў пачаць ціск на грамадскіх актывістаў напярэдадні 1-га траўня ў Пінску.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя