Вобшукі ў рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава



Канфіскацыя трох кампутараў, мадэму і нататніка – гэта вынікі ператрусу, праведзенага міліцыянтамі ў журналіста, рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава. Падставай для такіх дзеянняў стала нібыта крымінальная справа паводле артыкула 188 частка 2 – паклёп у публікацыі выдання. Барысава вінавацяць у паклёпе на гендырэктара аднаго з прадпрыемстваў горада.

Копію пратакола канфіскацыі журналісту не выдалі. Пазней пачаўся вобшук у памяшканні Магілёўскага абласнога аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна”, расказвае праваабаронца Барыс Бухель:

– Яны ўжо былі там, калі я прыйшоў. Я ўдзельнічаў у аглядзе і канфіскацыі. У Барысава стаяў пад дзвярыма, бо мяне не пусцілі. А тут гляджу, усе знаёмыя твары. Забралі тры сістэмнікі і мадэм. І газеты “Наш Магілёў” па адным асобніку. У пастанове было прозвішча Ігара Барысава, што ён тут часта з’яўляецца і таму яны сюды прыйшлі. Былі і панятыя, і міліцыянты. Добра што я прыйшоў, інакш бы апячаталі кватэру.

Як стала вядома “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, у праваахоўных органаў ёсць прэтэнзіі да аднаго з матэрыялаў, апублікаваных на сайце газеты “Наш Магілёў”, пра тое, што генеральны дырэктар магілёўскага прадпрыемства “Стужка” нібыта моцна прайграўся ў казіно. Аднак, паводле міліцыянтаў, крымінальная справа па гэтым факце пакуль не распачатая, а толькі вядзецца праверка.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя