“Волаты Прыдзвіння”. Пад Віцебскам прайшоў фестываль у гонар Фёдара Махнова



Фёдар Махноў, ураджэнец Віцебскага раёну, лічыцца адным з самых высокіх людзей у свеце. Паводле шэрагу пісьмовых крыніцаў, ягоны рост складаў 285 см. І хаця абсалютнай пэўнасці тут няма, няма і сумневаў: ягоны рост быў надзвычайны.

Вёскі Касцюкі, дзе ў 1878 годзе нарадзіўся асілак, ужо даўно няма. Засталіся толькі старыя могілкі, а на іх – помнік з надпісам, які сведчыць, што Фёдар Махноў пражыў усяго толькі 34 гады. Але гэта пустая магіла: у 1939 годзе парэшткі волата дасталі, каб даследаваць у Беларускай акадэміі навук. Неўзабаве пачалася Другая Сусветная вайна, падчас якой шкілет Махнова, які быў аб’ектам вывучэння, некуды знік, і не знойдзены дагэтуль.

Летась у Віцебску ўсталявалі помнік пад назовам “Віцебскі велікан”, які ўвасабляе постаць Фёдара Махнова ў натуральную ягоную велічыню. А ў мястэчку Малыя Лётцы Віцебскага раёну ўжо другі год запар ладзіцца фестываль “Волаты Прыдзвіння” ў гонар земляка, які праславіўся сваім высокім ростам.

Пры жыцці Фёдар Махноў выступаў у цырку . Людзі хадзілі падзівіцца на ягоны рост і моц, а яна таксама была надзвычайнай. Таму на фестывалі таксама было прэзентавана цыркавое мастацтва, праводзіліся спартовыя спаборніцтвы, ахвотныя разглядалі гіганцкія экспанаты імправізаванага “парку волатаў” і шмат фатаграфаваліся.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск