Вольга Анішчук: Мужа ў калоніі катуюць кожны дзень



Жонка асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі супрацоўніка ДВП» Арцёма Анішчука ў Магілёўскай калоніі паведаміла, што да яго змог трапіць адвакат. Падчас сустрэчы высветлілася, што ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15.

«Наш адвакат паехаў да мужа. Падчас допыту, пры якім прысутнічаў старшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела СК РБ Скавародкін П. А. мой муж паведаміў адвакату, што ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15», — паведаміла Вольга Анішчук.

Таксама ён паведаміў, што дадзеныя дзеянні маюць пастаянны характар з моманту яго прыбыцця ў ПК-15 Магілёва, а менавіта з 17.04.2021.

«У выніку гэтага мой муж здзейсніў спробу членашкодніцтва (праглынуў металічныя прадметы з мэтай пазбегнуць далейшых катаванняў). Таксама адміністрацыя ПК-15 з 13 траўня 2021 года перашкаджае яму ў сустрэчы са сваім адвакатам. Не выдае яму ручку і паперу, прымушае пісаць адмовы ад сустрэчы з адвакатам, таксама прымушаюць пісаць лісты сваякам, у якіх ён паведамляе, што нібыта ўсё добра. На самай справе, усё напісанае было пад дыктоўку адміністрацыі калоніі. Акрамя гэтага, праводзіліся “допыты” без следчага, але з прысутнасцю 4-х чалавек у памяшканні» з вялікай верагоднасцю, супрацоўнікі спецслужбаў)», — паведаміла Вольга.

Па яе словах, адваката пусцілі да мужа толькі праз месяц. Увесь гэты час да яго ўжываліся катаванні. Названыя паводзіны з боку адміністрацыі ПК-15 Анішчук Арцём патлумачыў тым, што начальнік ПК -15 з’яўляецца сябрам грамадзяніна Гейца («пацярпелага» па справе, па якой Арцём быў асуджаны асуджаны на 2 гады калоніі).

«Відавочна, што начальнік калоніі адчувае асабістую непрыязнасць да майго мужа і прымяняе катаванні з асабістай помсты. Мой муж не парушаў рэжым, але адразу быў змешчаны ў ПКТ, а затым у ШІЗА на 10 сутак. Цяпер ён знаходзіцца ў ПКТ» — адзначыла жонка палітвязня.

«Начальнік калоніі сказаў: альбо ты выбіраеш 411 артыкул, альбо напад на супрацоўніка калоніі. Пад пагрозамі гвалту ў дачыненні да яго і яго сям’і, а таксама пагрозамі расправы з блізкімі ён падпісаў 411 артыкул», — паведаміла Вольга.

«Я занепакоеная псіхалагічным і фізічным станам майго мужа Арцёма Анішчука і лічу, што ён знаходзіцца ва умовах катавання кожны дзень. У сувязі з інфармацыяй аб новых артыкулах зняволеным (Мікіта Залатароў і Валадар Цурпанаў), збіваннях пры канваяванні (Міхаіл Калішук) і забойстве палітвязняў у месцах пазбаўлення волі (Вітольд Ашурак), я заклікаю наша грамадства і ўсе міжнародныя структуры, праваабаронцаў, незалежных журналістаў, а таксама ўсіх неабыякавых людзей да распаўсюджвання інфармацыі аб выпадку майго мужа і падобных кейсах, і салідарнасці з людзьмі, якія пакутуюць у засценках. Усё вышэйпералічанае кажа аб поўнай паразе правоў зняволеных, у тым ліку базавых правоў чалавека. Прадстаўленая мной інфармацыя фактычна пацвярджае бесчалавечнае стаўленне да вязняў рэжыму, а таксама працяглую практыку катаванняў у калоніях і турмах», — кажа Вольга.

Яна заклікае пісаць палітвязням лісты са словамі падтрымкі; звяртацца ва ўсе вядомыя Вам арганізацыі і да палітыкаў, якія могуць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі; перакладаць наяўную інфармацыю пра стаўленне да палітычных вязняў на любую даступную мову; пісаць ва ўсе наяўныя структуры з патрабаваннем правесці праверкі (СК і ДВП); падтрымліваць сем’і вязняў.

novychas.by